Аксане Данільчык - 50!

Аксана Данільчык. Фота: svaboda.org
Аксана Аляксееўна Данільчык нарадзілася 15 лістапада 1970 года ў Мінску.

Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1993) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры НАН Беларусі (1996). Па стыпендыі Міністэрства замежных спраў Італіі вучылася ў Перуджы. Кандыдат філалагічных навук (2002). 

Аўтарка паэтычных зборнікаў «Абрыс Скарпіёна» (1996), «Il Mezzogiоrno. Поўдзень» (2006), «Сон, які немагчыма забараніць» (2011), «Блюмэнштрасэ» (электронная кніга, 2018), кніжкі вершаў для дзяцей «Павуцінка на агрэсце» (2005, мастацкае афармленне Вячаслаў Паўлавец). Вершы друкаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях, уваходзілі ў калектыўныя зборнікі і анталогіі.

Удзельнічала ў літаратурных фестывалях і семінарах у Беларусі, Літве, Украіне. Творы А. Данільчык перакладзены на англійскую, італьянскую, рускую, літоўскую, польскую і ўкраінскую мовы.

Перакладае з італьянскай мовы, даследуе італьянскую літаратуру і яе ўзаемаадносіны з беларускай (працы «Рэцэпцыя Дантэ ў беларускай літаратуры ХІХ-ХХ ст.», 2006; «Італьянскі рамантызм і патрыятычныя матывы беларускай літаратуры», 2008). Сярод перакладзеных аўтараў — Уга Фоскала, Джакама Леапардзі, Дзіна Кампана, Антонія Поццы, Альда Анараці і іншыя.

Удзельнічала ў стварэнні дакументальнага фільма пра Яўгенію Янішчыц «Небяспечны талент» (2008).

Разам з Віктарам Жыбулём уклала анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы» (2017).

У 2019 годзе ў Італіі выйшла кніга вершаў Аксаны Данільчык «Il canto del ghiaccio» (Aksana Danilčyk. Il canto del ghiaccio. — Edizioni Controluce, 2019).

Аўтарка шматліках артыкулаў, прысвечаных беларускай і італьянскай літаратурам. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў Мінску.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць спадарыню Аксану з нагоды юбілею, зычаць моцнага здароўя, бадзёрасці духу, плёну ў працы і натхнення на новыя творы!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"