Алена Гінько выступіла ў Віцебску


«Я думала душой» – пад такой назвай 15 мая ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася творчая вечарына паэтэсы, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алены Гінько. Свае вершы чытала не толькі аўтарка, але вучні гімназіі № 7 г. Віцебска, дзе Алена Іванаўна выкладае родную мову і літаратуру. Школьнікі для сваёй настаўніцы падрыхтавалі танец, а таксама прааналізавалі яе творчасць. Ліза Гонтар намалявала плакат і падаравала А. Гінько.

Акрамя вершаў, якія Алена Гінько чытала эмацыйна, паэтка праспявала некалькі песень на ўласныя вершы пад акампанемент музыкі Аляксандра Салавяна.

З творчым вечарам Алену Іванаўну павіншавала старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасія Лазебная, паэтэсы Людміла Сіманёнак, Вольга Русілка, паэты Уладзімір Папковіч і Міхась Мірановіч. Словы ўдзячнасці выказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 7 г. Віцебска Алеся Паўлава.

Прыемным сюрпрызам для Алены Гінько стала песня на яе верш «Успамін», музыку да якой напісаў кампазітар Віктар Шавякоў, а выканаў (у запісе) лаўрэат міжнародных конкурсаў Сяргей Калодкін.

Вечар вяла Ларыса Рагачова, загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.


На здымках: падчас творчай вечарыны Алены Гінько.

Фота Фёдара Грынеўскага

Інфармацыя Віцебскага абласнога аддзялення СБП