Алена Макоўская абраная ў праўленне Еўрапейскай пісьменніцкай рады

Алена Макоўская, фота: www.culturepartnership.eu

У Рызе падчас Генеральнай асамблеі Еўрапейскай пісьменніцкай рады (European Writers’ Council) было абранае новае кіраўніцтва арганізацыі. У склад праўлення ўпершыню за час існавання EWC ўвайшла прадстаўніца Беларусі – сябра Сакратарыяту ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», кіраўніца Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.

Прэзідэнтам EWC абраная нямецкая пісьменніца Ніна Георге (піша таксама пад псеўданімамі Ан Уэст, Джэйн Баньоль, Ніна Крамер) – аўтарка 26 кніг прозы, у тым ліку рамана-бестсэлера «Лавандавы пакой», выкладчыца, сябра рады Нямецкага ПЭН-Клуба.

Еўрапейская пісьменніцкая рада – федэрацыя 44 нацыянальных арганізацый прафесійных пісьменнікаў, літаратурных перакладчыкаў і праектных менеджараў. Яна прадстаўляе больш за 160 тысяч літаратараў з 34 краін Еўропы, найперш з Еўрасаюза, а таксама Беларусі, Ісландыі, Каталоніі, Нарвегіі, Сербіі, Турцыі, Швейцарыі і Чарнагорыі. Федэрацыя была заснаваная ў 1977 годзе ў Берліне пад назвай Еўрапейскі Пісьменніцкі Кангрэс. З 2010 года існуе пад цяперашняй назвай са штаб-кватэрай у Бруселі, шчыльна супрацоўнічае з культурніцкімі праектамі Еўракамісіі, ЮНЭСКА, Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці пры ААН.

Ад Беларусі з 2010 года правадзейным сябрам EWC зяўляецца Саюз беларускіх пісьменнікаў. З постсавецкай прасторы у Еўрапейскую пісьменніцкую раду, акрамя СБП, уваходзяць толькі літаратурныя арганізацыі краін Балтыі.




Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”