Алене Васілевіч — 96!

фота: minsknews.by
Алена Сямёнаўна Васілевіч нарадзілася ў вёсцы Ліпнікі Слуцкага раёна 22 снежня 1922 года. Бацькі памерлі рана. Гадавалася ў дзядзькі, а пасля ў стрыечнай сястры. Скончыла сямігодку ў мястэчку Урэчча. Вучылася ў Слуцкім педагагічным вучылішчы, а пасля двух курсаў паехала ў Рагачоў, скончыўшы там у 1941 годзе літаратурны факультэт настаўніцкага інстытута. У часы вайны працавала бібліятэкаркай і пісарам вайсковай часці. У 1944 годзе паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1946 годзе, і пераехала ў Курск да мужа. Там працавала літкансультантам у мясцовым выдавецтве. У Мінску жыве з 1950 года. Ажно дваццаць два гады загадвала аддзелам культуры папулярнага і шматтыражнага па тым часе часопіса “Работніца і сялянка”. Пасля працавала ў рэдакцыях дзіцячай літаратуры ў выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і “Юнацтва”. Напісала і выдала не так многа кніжак, але большасць з іх былі адметнымі і запатрабаванымі маладой чытацкай аўдыторыяй. Асабліва любімая школьнікамі хрэстаматыйная тэтралогія “Пачакай, затрымайся…” (1966–1972), у якую ўвайшлі аўтабіяграфічныя аповесці “Расці, Ганька”, “Доля знойдзе цябе”, “Новы свет” і “Пачакай, затрымайся…”. За гэты выбітны і ўжо даўно класічны твор Алена Васілевіч атрымала Дзяржаўную прэмію БССР (1976). У 1977 годзе ёй было нададзена званне Заслужанага работніка культуры. Апроч згаданай тут тэтралогіі можна вылучыць такія выданні пісьменніцы, як “Выбраныя творы” (у трох тамах, 1983), “Люблю, хвалююся – жыву...” (1986), “Элегія” (1988), “Першая жонка нябожчыка” (2002), “Выбраныя творы” (“Беларускі кнігазбор”, 2010).

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць старэйшыну нашай літаратуры, дарагую Алену Сямёнаўну Васілевіч з днём нараджэння і зычаць добрага творчага настрою, моцнага здароўя і натхнення!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"