Алесю Барскаму — 90!


2 лістапада спаўняецца 90 гадоў аднаму з старэйшых беларускіх пісьменнікаў Алесю Барскаму.

Нарадзіўся Алесь Барскі (Аляксандр Баршчэўскі) 2 лістапада 1930 года ў вёсцы Бандары на Беласточчыне. У 1955 годзе закончыў Лодзінскі ўніверсітэт. У 1956 годзе – пасля ўзнікнення кафедры беларускай філалогіі ў Варшаўскім унівэрсытэце – пачаў працаваць выкладчыкам беларускае літаратуры, затым ўзначальваў самую кафедру. Актыўны дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы, у тым ліку Беларускага Грамадска-культурнага Таварыства, на пераломе 80- і 90 гадоў ХХ стагоддзя яго старшыня. 

З 1956 года Алесь Барскі стала супрацуе з беларускім штотыднёвікам «Ніва», яго артыкулы таксама былі змешчаны ў «Беларускім календары». Аляксандр Баршчэўскі з 1975 года старшынстваваў у Беларускім літаратурным аб’яднанні «Белавежа». З 1993 года быў старшынём Цэнтральнага камітэта Алімпяды беларускай мовы. У 1986 годзе Аляксандр Баршчэўскі абараніў доктарскую дысертацыю „Białoruska obrzędowość i folklor we wschodniej Białostocczyźnie”. Пасля апублікаваньня працы "Творцы беларускага літаратурнага руху ў Польшчы 1958-1998" атрымаў званне прафесара. З’яўляецца аўтарам звыш 100 навуковых публікацыі па беларускай літаратуры і беларускаму фальклёру. 

Алесь Барскі — паэт, аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і кніжак перакладу. Найбольш вядомыя яго кнігі „Белавежскія матывы” (1962 год), „Жнівень слоў” (1967), „Мой бераг” (1975), „Блізкасць далёкага” (1983), „Лірычны пульс” (1987).

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць шаноўнага Алеся Барскага з юбілеем, зычаць моцнага здароўя, бадзёрасці духу, натхнення на новыя кнігі!


Паводле Радыё Рацыя