Альманах “Ратуша” – ў Полацку

1 лютага ў Полацку адбылася прэзентацыя альманаха Віцебскай абласной філіі СБП “Ратуша”. Старшыня абласной суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасія Лазебная (Стася Наркевіч) разам з актывам філіі здзейсніла высадку літартурнага дэсанта ў цэнтры найстаражытнейшага беларускага гораду. Сустрэча аўтараў з чытачамі адбылася ў Музеі беларускага кнігадрукавання, што месціцца ў маляўнічым гістарычным кутку на высокім беразе Дзівіны.
На прэзентацыі пятага нумара літартурна-мастацкага альманаха “Ратуша” прысутнічалі аўтары з Віцебску і Полацка – Людміла Сіманенак, Міхась Мірановіч, Людміла Андзілеўка, Ірына Грумандзь, Уладзімір Конан, Ірына Жарнасек, Алесь Аркуш і іншыя.
Ад імя ўстановы гасцей вітала вядучы навуковы супрацоўнік музея Вера Ашуева, мадэратарам сусрэчы была Анастасія Лазебная.
Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Прагучалі творы аўтараў альманаху, пісьменнікі падзяліліся сваімі творчымі планамі, анансавалі будучыя выступы. Як было падкрэслена ў выступах – сустрэчы падобнага кшталту спрыяюць развіццю свайго адметнага дыскурса і безумоўна станоўча ўплываюць на літартурны працэс у рэгіёне.
Выступае Людміла Андзілеўка
З Мінску завіталі на сустрэчу журналіст і бард Зміцер Бартосік, а таксама намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” паэт Усевалад Сцебурака. Зміцер Бартосік выступіў ва неўласцівай для яго ролі – прачытаў замалёўкі свайго новага праекту. Усевалад Сцебурака прывітаў гасцей імпрэзы і распавеў аб працы над выданнем рэгіянальных альманахаў у абласных аддзяленнях Саюза. Напрыканцы імпрэзы ў дар бібліятэцы і музею былі перададзеныя кнігі, новы выпуск альманаха і свежы нумар часопіса “Дзеяслоў”.
Інтэрв'ю Алесю Аркушу
Ірына Жарнасек і Ірына Грумандзь (справа) падчас прэзентацыі альманаха