Альтэрнатыва для Басі, альбо Не трэба баяцца

Дыпломная работа мусіць паказаць, што студэнт засвоіў матэрыял, які старанна ўкладалі ў яго вушы выкладчыкі цягам навучання. Вось, я стараўся. Умею тое і тое. У гэтым сэнсе дэбютная кніга Кацярыны Захарэвіч – тыповы дыплом.

“Час вогненнага птушкалова” – двухпланавая аповесць. Фантастычная? Магчыма. Калі адштурхоўвацца ад вызначэння, што фантастыка паказвае рэчы нерэальныя. Але ёсць у аповесці не такое заўважнае другое дно, якое значна ўскладняе схематычна просты твор… Пра гэта пазней.

Аповесць Кацярыны Захарэвіч з тых тэкстаў, якія маюць вузка акрэсленую аўдыторыю. Не ў тым сэнсе, што іншы прачытаць не здолее. Але ў тым, што найбольшы водгук яна атрымае ў чытача з пэўным наборам рысаў. Гэта мусіць быць чалавек беларускамоўны. Лішняя, здавалася б, пазнака. Але мы да таго звыклі стасавацца ў моўным гета, што перастаем заўважаць відавочнае – далей за нашае кола кніга наўрад ці выйдзе.

Другое – гэта чалавек малады, лепей сказаць – юны. У слова “юны” ёсць шэраг прычэпаў: узнёсла-палымяны, рамантычны, схільны да драматызацыі. Месцамі сентыментальны. Карацей, аматар гераічнай рамантычнай прозы.

То бок тая ж катэгорыя чытачоў, якая запойна чытае прыгодніцкія раманы Людмілы Рублеўскай і ведае імя Ксеніі Шталянковай.

Вось тут – самае цікавае.

І Ксенія, і Кацярына прайшлі Школу маладога пісьменніка. Школу, у якой выкладае Людміла Рублеўская. З аднаго боку, можна казаць пра ўплыў натуральны: аўтаркі ўпадабалі эстэтычную сістэму Рублеўскай, перанялі і г.д. З іншага – ёсць рызыка, што гэты ўплыў чыста школьны. Чаму рызыка? Таму што спатрэбіцца час, каб зразумець, што гэта менавіта ўплыў, штучнае ўздзеянне, а не асабістае светабачанне.

Калі слушны першы варыянт, можна казаць пра новую літаратурную традыцыю, запачаткаваную некалі яшчэ Караткевічам, перахопленую Арловым і Рублеўскай, і далей – навучэнцамі ШМП.

Але.

Зазвычай у прыгодніцкіх творах акцэнт ставіцца на моцы герояў, іх баявітасці, авантурнасці, адметнасці. Кацярына Захарэвіч падкрэслівае адваротны бок медаля: ейная гераіня – няўклюдная, няўпэўненая ў сабе, яна пачуваецца лішняй. У развіцці сюжэта роля гераіні мінімальная. Яна на пазіцыях ахвяры. Яна разумее несправядлівасць свету, глыбока перажывае, але нічога не робіць. Гэтыя рысы належаць абедзвюм Басям. Справа ў тым, што гераіня мае дзве іпастасі. Першая – рэалістычная: дзяўчына, што жыве ў сучаснасці, пачуваецца самотнай у сям’і і парыяй – у школе. Другая Бася існуе ў паралельнай лініі. Яна паходзіць з “расы” адметных.

Для разумення сітуацыі: Кацярына Захарэвіч распрацавала міні-міф, паводле якога адпачатку існавалі “сапраўдныя” людзі. Адметныя. 121 чалавек, усе – прыўкрасныя знешне, але даволі млявыя па натуры. Жылі бы ў райскім садзе, цешыліся самі сабе і жыццю. Знайшоўся бунтар, які стварыў големаў для чорнай працы. Адметныя разленаваліся дарэшты і сталі зусім безабаронныя. Карацей, гліняны пралетарыят паўстаў і загнаў адметную шляхту на задворкі жыцця. Вось з гэтых адметных і паходзіць другая Бася.

Кацярына Захарэвіч разгортвае абедзве лініі, але Басі не асабліва змяняюцца. Эвалюцыі гераінь як такой няма. Падзеі – а там і прыгоды, і здрады, і інтрыгі – ёсць, але не пакідае адчуванне, што яны, насамрэч, не маюць асаблівага значэння.

Самыя яркія моманты аповесці – стыкі двух сусветаў. Яны – чыста кампазіцыйныя, то бок ніякіх узаемадзеянняў між светамі няма. Але паралелі – відавочныя. Здрада сяброўкі, пакуты самавызначэння, адсутнасць бацькі, прыўкрасны прынц, у якім нейкі час сумняешся, вобразы дарослых персанажаў – усе яны перагукаюцца.

Вось тут і ўзнікае думка, што другая, фантастычная, лінія – толькі фантазія рэальнай Басі. Гэта самотнае дзяўчо, нікому не патрэбнае і незаўважнае, але надзвычай чуйнае да свету. Замкнёная ў сабе, яна ізалюецца ад рэальнасці і стварае альтэрнатыву. (Згадваецца фан-версія датычна “Гары Потэра”, паводле якой свет магіі – хваравітая фантазія самотнага хлопчыка з каморкі). На карысць гэтай версіі – наяўнасць у рэальнай Басі рудога ката (новая тэндэнцыя белліту – уводзіць у твор свайго коціка: Шарова, Янкута…) і блакітнага папугайчыка. З якіх змаляваныя сілы жыццёвага колазвароту ў свеце фантастычным – Вогненны Птушкалоў і Нябёсная Птушка.

І заканчваецца кніга тым, што рэальная Бася ідзе на спатканне. З невідзімкі яна ператвараецца ў жывую дзяўчыну, робіцца існай для іншага чалавека. Фантазіі ёй больш не патрэбныя.

Уменне ўбачыць уласныя комплексы, пераадолець нясмеласць і выцягнуць іх на святло – моцны бок аўтаркі. Гэта жэст насуперак няўпэўненасці, хоць і ў ім самім няўпэўненасць пакідае след.

Сунуцца да аўтараў з парадамі – вельмі смешна, але вельмі хочацца пажадаць Кацярыне не баяцца. Страх зрабіць “не так” бачны ў мове. Усё правільна, гладка, літаратурна. Жаданне зрабіць правільна цягне за сабой празмерную апісальнасць. Гэтая літаратурнасць – як панцыр, абарона ад магчымых заўвагаў. Але ў тым і справа, што памылкі робяць нас адметнымі. Памылкі і ёсць тое зерне, з якіх вырастае стыль.

На класічнае пытанне “Кім вы сябе бачыце праз N год?” я б сказала – пра Кацярыну: аўтаркай псіхалагічнай прозы для падлеткаў. У дэбютнай кнізе яна не раскрыла гэты свой талент, паставіўшу на кутні камень прыгодніцкую лінію. Неабходнасць вытрымаць тэмп аповеду папросту абкарнала псіхалагічны партрэт герояў. Але ёсць у аповесці месцы, якія недвухсэнсоўна паказваюць здольнасць Кацярыны тонка адчуваць іншага чалавека (чытай: персанажа). І калі другая лінія аповесці сапраўды фантазія гераіні, то сама аповесць з прыгодніцкага чытва ператвараецца ў сур’ёзную псіхалагічную драму (кшталту “Моста ў Тэрабітыю”).

Таму аўтарцы проста неабходна пераадолець страх быць сабой. Страх асуджэння глушыць мастацкі талент. I варта падумаць, што горш насамрэч: пачуць крытыку на свой адрас – ці так ніколі і не раскрыцца, не стаць сабой, не даць поўнай волі таленту?

   

Наста Грышчук, для lit-bel.org


28 лютага а18.00 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца вечарына-прэзентацыя 5 новых кніг выдавецкай серыі “Пункт адліку”. Запрашаем!



https://lit-bel.org/