Аляксею Філатаву — 80!

Аляксей Філатаў (у цэнтры), здымак Алеся Паплаўскага, livejournal.com
Аляксей (Леанід Георгіевіч Філатаў) нарадзіўся 13 мая 1939 года ў вёсцы Бабінічы, Віцебскі раён, Віцебская вобласць) — беларускі пісьменнік, педагог, публіцыст, былы непаўналетні вязень канцлагеру Потшыкаў пад г. Чанстахова (Польшча). Жыве ў пас. Мухавец Брэсцкага раёна.

Першы верш напісаў яшчэ ў малодшых класах школы. Пачаў друкавацца з 1958 года. Пэўную вядомасць прынесла аўтару кніга народнага гумару «Ляхавецкая торба» і трылогія «Дарога», кніга аповесцяў і апавяданняў «Адарваць ад сэрца», «Жывая зямля», «Страла жыцця», а таксама апошняя — «Жывому жыць (Споведзь качагара)».

Цікавую трылогію прадставіў чытачу Аляксей Філатаў у кнізе «Дарога» (Брэст, 1997), якой аўтар даў падзагаловак — «Палескія аповесці». У трох аповесцях «Дарога», «Канёздрыкі», «Жніво ў Замошшы» аўтар з глыбокім веданнем матэрыялу расказвае пра жыццё цэлага пакалення палешукоў-заходнікаў.

Пісьменнік Аляксей Філатаў узнагароджаны літаратурнымі прэміямі: «Брэсцкая зорка» (2000), «Мядоваю літаратурнай прэміяй» (2006), Дыпломам імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкай філіі СБП (2007).

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Аляксея Філатава з днём нараджэння і зычаць моцнага здароўя, бадзёрага настрою, натхнення на новыя кнігі!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"