Навіны

Зоська Верас, Аляксей Пяткевіч, Генадзь Каханоўскі. 1982 г. Фота С. Панізніка.
Аляксей Пяткевіч нарадзіўся 30 сакавіка 1931 года ў вёсцы Новы Свержань на Стаўбцоўшчыне. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры. Працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар шэрагу літаратурна-крытычных і культуралагічных работ, у тым ліку 16 кніг. 


Лёды

Слухаць Аляксея Міхайлавіча – вялікае задавальненне. Гэта заўсёды цікава, пазнаваўча, займальна. Гэта шчасце – жыць, працаваць поруч з ім…
Лета, 2017. Наваградак. З Аляксеем Міхайлавічам і Дубатоўкамі чакаем прэзентацыі кнігі Міхася Зізюка. Прыселі за столікам каля рэстарацыі. Шчаслівыя. І ад таго, што ў такім любым кожнаму з нас месце. І ў такой мілай сябрыне. І дзень цудоўны, якіх нямнога было гэтым летам. Напоўніцу п’ем асалоду. Хто з чым. Мужчыны з мацнейшым, кабеты з саладзейшым. 
Смакую салодкі марозны аскепак. Аляксей Міхайлавіч згадвае, як бацька аднойчы купіў яму, малому, лёды. Хлопчык неасцярожна нахіліў шклянку, і ўраз размяклая салодкая смаката аказалася на бруку. Якая бяда! Бацька быў добрым. Купіў яшчэ адну порцыю. Малы з усіх ног паімчаўся дахаты, бо лёды раставалі імгненна. Каб данесці маме.
Гэты ласунак у іх мястэчку ў трыццатыя гады называлі лёды.


Перад спектаклем

Памятаеце, шаноўныя, спектаклі, якімі радавалі вясковых жыхароў у мінулым стагоддзі беларускія акторы? Ставіліся ў клубах, а цёплым часам на вуліцы, у парках, скверах. 
На спектакль «Верачка», што чакаўся летнім вечарам у мястэчку Тарнова, прыехалі пісьменнікі з Гародні. Часу заставалася багата, Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч выйшаў на праменад. Каля аднаго будынка згледзеў кветнік. Зарослы. Яго палола кабета. Падышоў бліжэй і застыў у здзіўленні: гэта была Стэфанія Станюта. Яна ні на кога не зважала, працягвала наводзіць парадак. 
Хацелася Аляксею Міхайлавічу загаварыць да знакамітае акторкі, выказаць сваю павагу, захапленне талентам. Сціплы, не пасмеў патрывожыць яе. Пайшоў сваёю дарогай… 
Перад спектаклем акторка палола кветнік.


Касец

Гэта было летам, калі ён закончыў дзевяць класаў. Пятнаццаць гадоў меў. Працаваць на зямлі прызвычаіўся з маленства. З ахвотаю дапамагаў бацьку. Той кіраваў аховай на тартаку. Таму паспець аднаму па гаспадарцы было няпроста.
Тою раніцаю хлопец прыйшоў на луг вельмі рана. Касіў без перадыху, з ахвотай, кладучы роўныя пракосы-радкі на старонку шырокага луга. 
Калі з’явіўся бацька, праца была завершана. Падышоў да хлопца і моўчкі працягнуў яму цыгарэту. Ведаў, што сын, хаваючыся, ужо курыў. Тым самым прызнаў, што той ужо мае права. Прызнаў ягоную самастойнасць, самавітасць, мужчынскасць.
Гэта быў першы ганарар ад бацькі, які атрымаў у юнацтве Аляксей Міхайлавіч.


Ганарар

Ягоны бацька быў таленавітым. Меў вельмі прыгожы, моцны голас. Любіў зацягнуць песню ў лузе, на полі, у лесе, на вуліцы, радуючы сваім спевам людзей. 
Усё жыццё працаваў на тартаку. І пры немцах таксама. Кіраўніком аховы. 
Аднойчы летнім вечарам у канцы змены выйшаў на прахадную і заспяваў. Пачалі падыходзіць немцы. Вялікі натоўп нечаканых слухачоў сабраўся. Спяваў па-беларуску. Ці разумелі сэнс? Неістотна. Слухалі, быццам зачараваныя.
Скончыў спяваць. Немцы падыходзілі і кожны даваў спеваку па цыгарэце. 
Такі незвычайны ганарар атрымаў за свае спевы бацька Аляксея Пяткевіча.


Цяга да роднага дома

Іхні кот быў драпежнікам. Відаць, не давала спакою абуджаная генетычная памяць ад тых дзікіх суродзічаў, што жывуць, п’ючы кроў іншых. Зрэшты, хто яго ведае, чаму даўно прыручаныя чалавекам мілыя хатнія гадаванцы часам звярэюць.
Кот еў куранят. Такое доўга трываць не маглі. Бацька адвёз драпежніка ў суседнюю вёску, за дзесяць кіламетраў. Кот вярнуўся назаўтра. Адвёз у Мір. Няблізкі свет – дваццаць кіламетраў. Вярнуўся праз тыдзень. Тады адвёз лодкай у лес, праз Нёман. Вада для ката непераадольная перашкода. Плаваць яны не ўмеюць. Якое ж было дзіва, калі вярнуўся зноў. Ажно праз год. Адшукаў дарогу да няблізкага маста і перайшоў яго. Але як адважыўся?! Той мост быў адзіным у ваколіцы, заўсёды шумным. Ішлі людзі, ехалі падводы, машыны. Мо ночы чакаў?..
Прыйшоў і сеў на слупок ад агароджы. Малы Аляксей выйшаў ранкам з хаты, а кот вітае яго.
Ды бяда: куранят зноў хапаў…
– Якая вялікая цяга да роднага дома! – заканчвае згадку Аляксей Міхайлавіч. 
А я думаю пра сваіх улюбёных беларускіх паэтаў-эмігрантаў: Наталлю Арсенневу, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Рыгора Крушыну, Янку Золака, Зянона…


ptk2.jpg
Пісьменнікі Гродзеншчыны (злева направа) Алена РУЦКАЯ, Алег ЛОЙКА, Анатоль ІВЕРС, Сяргей ЧЫГРЫН,
 Мікола АРОЧКА, Данута БІЧЭЛЬ, Аляксей ПЯТКЕВІЧ, Алесь СУЧОК. Слонім, 1987 г.


Усміхнемся 

Гарачы чэрвень. Сярэдзіна васьмідзясятых мінулага стагоддзя. Ва ўніверсітэце дзяржаўныя іспыты. Тым разам беларускую літаратуру здаюць завочнікі. Дакладней, завочніцы. Хлопцы і на стацыянары вялікая рэдкасць. А на завочным – рэдкае выключэнне з правіла.
Адказы ніякія, горача, сумна. Малады дэкан Тамаш Іосіфавіч Тамашэвіч прапаноўвае сябрам камісіі: «Давайце напішам вершы, чатырохрадковікі. Тайным галасаванне абярэм лепшы». Упэўнены, што ягоны будзе лепшым. Ён і насамрэч быў вельмі таленавітым. Экспромты, гумарэскі даваліся лёгка.
Закончылі вершатварэнне. Абмяняліся. Таемна прагаласавалі. Якая неспадзеўка: найбольш галасоў набрала чатырохрадкоўе Аляксея Пяткевіча, які ніколі вершаў не пісаў.
Вось ён, той верш:

Ёсць выпукніцы, як суніцы,
А ёсць і так, і сяк – ніяк.
Закрыць бы лепей аканіцы
І сесці з імі піць каньяк!

Усміхнемся разам…


Аэрапорт – на замку

З Гародні (былі часы!) можна было самалётам даляцець да кожнага райцэнтра. Аляксей Міхайлавіч карыстаўся з гэтага, калі быў са студэнтамі на бульбе ў Астравецкім раёне.
Падказалі яму ў тым Астраўцы, як дабрацца да аэрапорта. З’явіўся. Але нічога, падобнага да месца, адкуль самалёты ўзлятаюць, не ўгледзеў. Пытаецца ў чалавека, які праходзіў. 
– Ды вось жа ён, аэрапорт, – і паказвае на звычайную хату.
Падышоў гарадзенскі выкладчык, а хата – на замку. Бачыць, непадалёк жанчына поле грады. Звярнуўся да яе. Адарвалася ад свае працы, адамкнула хату і дала пасажыру квіток…


І ніхто не затрымаў

І яшчэ пра палётнае.
Сяброў у Мінску ў тыя далёкія часы ў Аляксея Міхайлавіча было мора. 
І сустрэчы-развітанні былі цёплыя, сардэчныя, пры добрай чарцы. Так і тым разам. А яму ляцець да Гародні патрэбна было. «Не дазволяць на пасадку прайсці, не пусцяць у самалёт», – падумаў. А ляцець мусова. Так зрабіў: чакаў да самага адлёту. А тады – скок праз турнікет і лятом у самалёт… 
– І паспеў. І ніхто не затрымаў, – расказвае нам шаноўны калега. Гаворыць з усмешкай. Толькі перайшлі мост святога Францыска. Трыццатага кастрычніка дзве тысячы васямнаццатага. Ідзем у Цэнтр гарадскога жыцця, дзе ў Кніжным клубе адбудзецца абмеркаванне маіх «Шчонаўскіх абразкоў». Аляксей Міхайлавіч – рэдактар. 
Уяўляю, як лёгкі, спрытны малады Пяткевіч пераскоквае праз турнікет і нясецца на злом галавы, і залятае ў самалёт. Бо ляцець жа мусова!.. 
І цяпер, у паважаным веку, наш дарагі старэйшы сябра лёгкі і спрытны.


ptk3.jpg
Аляксей Пяткевіч (у першым радзе) з калегамі-літаратарамі. 2014 г.


Размова

Тэлефонны званок у кватэры Аляксея Міхайлавіча на Горкага. Гады васьмідзясятыя. Стагоддзе дваццатае.
– Здароў!
– Здароў.
– Пазнаў? 
– Пазнаў.
Як жа не пазнаць голас Вячаслава Адамчыка, якога добра ведаў, з якім сябраваў?
– Хлеб у цябе ёсць?
– Ёсць.
– А да хлеба?
– Ёсць каўбаса.
– То чаму адразу не кажаш?! Бяры хлеб і каўбасу і да мяне, у «Беларусь».
Размова ў гатэлі зацягнулася дапазна. Пра што? Найбольш пра Заходнюю Беларусь і пра заходніх беларусаў. Пра тое, што мацнейшыя яны ў сваёй беларускасці за ўсходнікаў. Пра адметнасць мовы, у якой багата паланізмаў. І не заўсёды яны засмечваюць гаворку…
Ужо і дахаты пара, а развітвацца сябрукам-аднадумцам не хочацца. Запрасіў Аляксей Міхайлавіч менчука да сябе на каву. Марыя Міхайлаўна каву згатавала і пакінула іх, каб не перашкаджаць.
Размова працягвалася яшчэ доўга…


Балючае

Вядомая гісторыя. 1974-ы год. Трагічная развязка. Гібель Міколы Прашковіча…
Сёння Аляксей Міхайлавіч пэўны: уратаваў яго ад горшага, ад звальнення рэктар Бадакоў. Быў асобай шанаванай, аўтарытэтнай. Зразумела, што з пасады загадчыка кафедры дацэнт Пяткевіч павінен быў пайсці. Але галоўнае – на кафедры застаўся. «Дабегаўся!» – злараднічаў ягоны калега, які пераняў кафедру. Зрэшты, зусім неблагі чалавек…
Пазней Аляксей Міхайлавіч спрабаваў пагаварыць з рэктарам, даведацца дакладна, хто яго ўратаваў. Бадакоў толькі ўсміхнуўся і нічога не сказаў.


Удзячнасць

Пытаюся, за што так шчыра дзякуе Аляксею Міхайлавічу Уладзімір Васіле́віч. Вось жа, у тым часе ён рэдагаваў том, у якім сабраныя галашэнні. Пяткевіч у тыя часы чытаў фальклор (якія толькі курсы ён не чытаў!) і кіраваў фальклорнай практыкай. А часы ж тады якія спрыяльныя былі! Жылі яшчэ ў нашых вёсках бабулі, носьбіты аўтэнтычнага фальклору. Матэрыялу набралася багата. Прыехаў Васілевіч у Гародню. Выкладчык Пяткевіч павінен быў ісці на працу. Вынес цэлую гару папак і пакінуў менчука: «Выбірайце, што трэба». І навыбіраў. Многае ў той том увайшло. За тое і дзякаваў.





Альжбета Кеда, "Літаратурная Беларусь"
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------