120/80, альбо Дзве гадзіны Стральцова

Свята закаханых у творчасць Стральцова адзначылі ў музеі Максіма Багдановіча. Арганізатар – Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, рухавік дзеі – нястомна вынаходлівы Міхась Скобла. Ён выявіў непадробную мужнасць: дзве гадзіны прамоў яго стараннямі склаліся ў свята. Спадар Міхась пацвердзіў негалоснае званне “культурніцкага шоў-мэна”: яго прадмовы да кожнага з выступоўцаў – маленькія шэдэўры ў стылі эсэ “Саркафагаў страху”.

Выстаўку, што пераняла назву вечарыны “Мой голас і ў веку наступным пачуецца”, госці збольшага праміналі. Вядома, калі ў залі чакаюць даўнія знаёмыя, мала хто затрымаецца ля зашклёных артэфактаў. А дарма: між кніг з аўтографамі Стральцова ёсць унікальныя здымкі, абраныя з асабістага архіва Аленай Дзмітрыеўнай, удавою пісьменніка.

Алена Стральцова

Насамрэч, Міхась Стральцоў быў не адзіным героем свята. Частку ўвагі забрала кніга “Выгнаны патрыцый” (выдавецтва “Лімарыус”). Пабачыўшы невялікі яе фармат, цяжка не падзівіцца, колькі ўсяго ўвабраў яе змест. Гэта 50 лістоў, у якіх Стральцоў і адрасат, і адрасант (большасць друкуецца ўпершыню). Гэта літаратуразнаўчыя работы, у якіх Стральцоў і паэт, і празаік (прыкладам, артыкул Алеся Адамовіча, напісаны за адну ноч; рукапіс уключаны ў згаданую выстаўку). Гэта больш як 30 здымкаў і аўтабіяграфія Стральцова, якая гэтаксама друкуецца ўпершыню. Ёсць і невядомыя тэксты пісьменніка, ёсць нават дзённікавы запіс 1987 года – а Стральцоў не вёў дзённік.

Укладальнік, аўтар прадмовы і каментарыяў – Міхась Скобла. Як ён распавёў, рабілася кніга найперш для дырэктаркі Слаўгарадскага гісторыка-краязнаўчага музея: яна не ведала, што Стральцова ў далёкай сталіцы запісалі ў класікі. Добра, што кніга ёсць. Сумна, што талент трэба падмацоўваць папяровымі сведчаннямі.

Паэты чыталі вершы Стральцова і не маглі ўтрымацца ад таго, каб пачытаць яшчэ й сваё. Мужны ўчынак, калі ўлічыць, што ў такім суседстве прадказальна перамагае Стральцоў. Андрэй Хадановіч аказаўся хітрэйшым: зачытаў фрагменты з эсэ, прысвечанага герою вечара.

Што колавая лера можа гучаць у ХХІ стагоддзі, давёў Яраш Малішэўскі. Стральцоў ацаніў бы такі падарунак: ён быў чуйны да музыкі, асобныя яго вершы стылізаваныя пад народныя песні, а яшчэ згадваецца такі факт: Стральцоў мог слухаць музыку па памяці — ставіў кружэлку на нерабочы прайгравальнік і “слухаў”. Гучалі й іншыя экзатычныя інструманты: дубальтовы спарыш, акарына — так падала свой выступ Аксана Спрынчан.

Яраш Малішэўскі

Але найгалоўная музычная падзея вечара — прэзентацыя песні Юрыя Несцярэнкі на верш Стральцова

А будзе час, калі і без нагоды,

А проста так, ад шчодрасці быцця,

Успомняцца ранейшыя нягоды

Раней нязнанай мерай пачуцця...

Многія выступоўцы ведалі Стральцова асабіста. Іх расповеды зацягваліся, што сведчыць – ускосна – пра незвычайную абаяльнасць аўтара. Ён літаральна зачароўваў. Прыкладам, Алу Сямёнаву ў свой час папракалі, што яна пераацэньвае ролю Караткевіча і Стральцова. Гэтаксама яна прызналася, што напісала камерцыйны раман за чужым прозвішчам, каб зарабіць грошай ды выдаць кнігу “Бэзавы попел”, прысвечаную Стральцову. Спадарыня Ала не хавае, што лічыць гэты подзвіг недаацэненым. Зрэшты, кніга ўсё ж ейная, не Стральцова.

Ала Сямёнава

Як заўжды драматычны быў Уладзімір Някляеў. Камічныя расповеды з пісьменніцкіх паседжанняў змяняліся трагічным пафасам творцы. Зрэшты, у гэты вечар ад някляеўскай паэзіі ніхто з крэслаў не падаў (як тое было ў вечар памяці Генадзя Бураўкіна).

Уладзімір Някляеў

Вясёлыя часы маладосці згадваў Васіль Зуёнак (міжволі задаешся пытаннем: а з кім ён не жыў у адным інтэрнаце?..). Анатоль Вярцінскі прызнаўся, што якраз у гэты вечар пазбавіўся апошняга зуба мудрасці, але гэта не замінала яму быць дасціпным прамоўцам. Барыс Пятровіч моцна шкадаваў, што не пазнаёміўся з Міхасём Стральцовым, калі тое было магчыма. “Не саромцеся проста падысці да жывога класіка, пазнаёміцца з ім”, - сказаў ён.

Барыс Пятровіч

Народнай артысткай беларускай паэзіі назваў вядоўца Марыю Захарэвіч. Яна гэтае званне пацвердзіла. Прачулыя словы падзякі адрасаваў Стральцову перакладчык Уладзімір Скарынкін. Першы дапамог другому выдаць кнігу перакладаў паэзіі Мікалая Рубцова. А пасля Скарынкін “вызваліў” Стральцова ад вайсковай службы.

Як ні парадаксальна, найменш у рэчышчы “я і класік” выступала ўдава Стральцова. Алена Дзмітрыеўна вельмі хвалявалася, але суму не паддалася: згадала пацешны выпадак, калі ў яе скралі гаманец з усімі грашыма, а Стральцоў параіў: “Бяры таксі і едзь у лес”. Лес для яго быў храмам і лякарняй. Пэўна, ва ўсім свеце не знойдзецца вялікага паэта, які б не быў чуйным да прыроды і не схіляў перад ёй галаву.

Калі двухгадзінная вечарына дайшла-такі да завяршэння, нечакана выявіўся яшчэ адзін выступоўца: Вадзім Спрынчан у мандэльштамаўскім стылі прачытаў пераклады Стральцова на расейскую. Міхась Скобла прыняў гэты паварот мужна. “Цудоўныя пераклады, — сказаў ён. — Дзякуй! Аднак не хацелася б завяршаць вечар Стральцова мовай суседняй краіны”. Зала з усмешкаю пагадзілася.

І замест запланавага “спярша на рукі хукай, пасля ужо – твары” на развітанне прагучала:

Такая цёплая вада,

Такая жоўтая вада –

Ад сонца, можа, у якога

Агністым вехцем барада.

Стаю ў вадзе, малы і босы,

Між пальцы шчэміцца трава.

А жабы кумкаюць. Як восы,

У вочы промні. Галава

Цвіце здзічэлаю сурэпкай.

Ад рабаціння твар пячэ...

І ўладай нечай, гэткай чэпкай,

Я і дагэтуль там яшчэ.

Наста Грышчук, тэкст і фота для lit-bel.org