Андрэю Федарэнку — 55!

фота: svaboda.org
Андрэй Міхайлавіч Федарэнка нарадзіўся 17 студзеня 1964 года ў в. Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум і бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры (1985—1990). Служыў у арміі. Працаваў мулярам у Мікашэвічах Лунінецкага раёна, на чыгунцы ў Калінкавічах Гомельскай вобласці, старшым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі № 2 Мазырскага раёна, карэктарам штотыднёвіка «7 дней», загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм». У 2005—2011 гадах — загадчык аддзела прозы ў часопісе «Маладосць». У 2011—2012 гадах супрацоўнік аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Цяпер стыль-рэдактар часопіса «Дзеяслоў». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, у 2017 выбраны ў Раду Саюза. 

Друкуецца з 1987 г. У аповесці «Гісторыя хваробы» (1989) сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснай моладзі, у аповесці-фантасмагорыі «Смута, альбо XII фантазій на адну тэму» (1994) жыццё сучаснага грамадства, якое страціла маральныя арыенціры, у аповесці «Вёска» (1995) філасофскі роздум над лёсам Беларусі і беларусаў. Аўтар аповесцей «Такое кароткае лета», «Ланцуг» (абедзве 1994), «Нічые» (2001), п'есы «Жаніх па перапісцы» (1993), публіцыстычных артыкулаў і інш. Дзецям і юнакам адрасаваны прыгодніцкія аповесці «Шчарбаты талер» (1999), «Афганская шкатулка» (2002). Яго творчасці ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць.

Перакладае з беларускай мовы на рускую. Асобныя яго творы былі перакладзены на рускую, англійскую і іншыя мовы.

Андрэй Федарэнка — лаўрэат літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1995) за кнігу «Смута», лаўрэат прэміі «Залатая літара» (2009) за кнігу «Нічые», пісьменнік 2012 года па версіі часопіса «Sexus» за кнігу «Ланцуг», лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (2015) за кнігу «Ціша».

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуюць Андрэя Міхайлавіча з днём нараджэння, зычаць моцнага здароўя, творчага настрою, чакаюць новых твораў і новых кніг! 


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"