Унікальная міні-кніжка Шарлоты Бронтэ вяртаецца дамоў

Фота: Christian Hartmann/Reuters
Пасля некалькіх гадоў пошуку «неверагодна рэдкай» маленькай кнігі падлетка Шарлоты Бронтэ, Таварыства сясцёр Бронтэ выкупіла яе на аўкцыёне.

На парыжскім аўкцыёне ў панядзелак Таварыства заплаціла 600 000 еўра (512 000 фунтаў стэрлінгаў) плюс аўкцыённыя выдаткі, каб набыць кнігу, памерам усяго 35 мм x 61 мм. Напісаная ў 1830 годзе, калі Шарлоце было 14 гадоў, яна з'яўляецца часткай серыі з шасці міні-кніжак, створанай аўтаркай у падлеткавым узросце. Вядома, што захаваліся толькі пяць экзэмпляраў, адна кніжка знікла ў 1930 годзе.

Кніга будзе перададзена музею Бронтэ, які месціцца ў былым сямейным доме ў Хаўорце, Ёркшыр. Там ужо захоўваюцца астатнія чатыры мініяцюрных кнігі пад назвай «Часопісы для маладых мужчын».

Неапублікаваныя рукапіс складаецца з трох розных рукапісных аповедаў, у тым ліку адзін, які разглядаецца як папярэднік сцэны ў «Джэйн Эйр». Апошні раз ён выстаўляўся на аўкцыёне ў 2011 годзе, тады Таварыства сясцёр Бронтэ не змагло яго атрымаць. Таварыства баялася, што рукапіс патрапіць у прыватныя рукі, але дзякуючы чатырохтыднёвай публічнай кампаніі, якая праводзілася Джудзі Дэнч і Жаклін Уілсан, Таварыства атрымала больш за 85 000 фунтаў стэрлінгаў у выглядзе грамадскіх ахвяраванняў, а таксама грант ад Мемарыяльнага фонду нацыянальнай спадчыны ды іншых трастаў.

«Мы былі поўныя рашучасці зрабіць усё магчымае, каб вярнуць гэтую незвычайную «маленькую кнігу» у музей Бронтэ, і зараз не можам паверыць, што яна вернецца дадому, дзе яна была напісана 189 гадоў таму», – сказала Кіці Райт, выканаўчы дырэктар Таварыства сясцёр Бронтэ.

«Мы былі сапраўды агаломшаныя падтрымкай ад людзей з усяго свету, якія дапамаглі нашай кампаніі, і не можам дачакацца, калі кніжка будзе на месцы побач з іншымі экзэмплярамі, адкрытая для ўсіх людзей», – дадала яна.

Эн Дынсдэйл, галоўны куратар, сказала, што вяртанне ўнікальнага рукапісу было «абсалютнай падзеяй маіх 30 гадоў працы ў музеі».

«Шарлота напісала гэты малюсенькі часопіс для цацачных салдацікаў, з якімі яна і яе браты гулялі, і калі мы праходзім праз тыя ж пакоі, што і яны, здаецца вельмі дарэчным, што ён вяртаецца дадому, і мы хацелі б сказаць вялікі дзякуй усім, хто зрабіў гэта магчымым», – дадала Дынсдэйл.



The Guardian