Навіны

Адам Багдановіч, 1926

Адам Ягоравіч Багдановіч увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры найперш як бацька выдатнага паэта Максіма Багдановіча. У адрозненне ад таленавітага нашчадка, які пайшоў з жыцця ў 25-гадовым узросце, А. Багдановіч пражыў 78 поўных гадоў. Не так і мала, калі ўлічыць, на які гістарычны час прыпалі гэтыя гады. Адам Ягоравіч стаў сведкам і Першай сусветнай вайны, і маштабных пераўтварэнняў у Расійскай імперыі, у выніку распаду якой з’явіліся новыя дзяржаўныя ўтварэнні, у тым ліку БССР.

Культурнае поле апошняй не магло фарміравацца без творчасці яго сына Максіма Багдановіча, што стала адной з дамінант беларускай дзяржаўнасці. Такое развіццё падзей садзейнічала і трансфармацыі поглядаў самога Адама Ягоравіча як на гісторыю бацькаўшчыны, так і  на талент сына: ад паблажліва-скептычных да ўзнёсла-паважлівых. Сведчанне гэтых светапоглядных перамен — і ў асобных лістах А. Багдановіча 20-х—30-х гг. мінулага стагоддзя, і нават у тэстаменце, які ён склаў за два гады да смерці, у маі 1938 г.

Жыццёвы век Адама Багдановіча скончыўся 16 красавіка 1940-га ў Яраслаўлі, дзе сям’я жыла з 1908 г. Рукапіс тэстамента захоўваўся ў яго сына Паўла (зводнага брата Максіма) і быў перададзены ў 1960-я гады ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Дакумент быў адрасаваны найперш самым блізкім сваякам, але там утрымліваецца нямала звестак, якія могуць зацікавіць шырокае кола аматараў беларускай літаратуры. Тэстамент займае 15 старонак рукапісанага тэксту на лістах фармату А4. Напісаны па-руску, натарыяльна не завераны: хутчэй за ўсё, Адам Ягоравіч спадзяваўся на сумленнасць усіх спадкаемцаў. Да апошніх А. Багдановіч залічыў: трэцюю жонку Аляксандру Апанасаўну, сыноў Паўла, Мікалая, Вячаслава і ўнучак Ірыну (дачка Паўла) і Маргарыту (дачка сына Аляксея, які памёр у 1933 г. ад сухотаў). Нікога з дзяцей ад першых двух шлюбаў у жывых ужо не было.

Тэстамент складаецца з 12 пунктаў, некаторыя ўтрымліваюць падпункты, дзе завяшчальнік падрабязна выказаў волю адносна сваёй спадчыны.

У першых трох ён аб’явіў спадчынніцай яго асабістых рэчаў, грошай і іншага жонку, а пачынаючы з чацвёртага пункта падрабязна апісаў спадчынныя правы на бібліятэку, рукапісы і дакументы. Вядома, што з маладосці Адам Багдановіч быў бібліяфілам і, жывучы ў Ніжнім Ноўгарадзе, пэўны час спаборнічаў у справе збірання кніжак са сваім таварышам той пары Максімам Горкім. Падчас пажару ў Яраслаўлі ў 1918 г. гэты скарб згарэў, але Адам здолеў зноў сабраць нядрэнную бібліятэку. Як чалавек, які шмат чаго дасягнуў дзякуючы менавіта самаадукацыі, Адам хацеў, каб і нашчадкі кіраваліся яго прыкладам, і кнігі з бібліятэкі павінны былі ў гэтым паспрыяць. Адам падрабязна апісаў схему падзелу, прапаноўваючы, напрыклад, спачатку вылучыць папулярныя кніжкі і іх серыі і падзяліць іх згодна з жэрабем паміж тымі, хто, як ён меркаваў, мае патрэбу ў самаадукацыі — сынам Вячаславам і ўнучкамі. Адказным за падзел ён прызначаў старэйшага сына Паўла: ён мог выслухоўваць заўвагі, але канчатковае рашэнне было менавіта за ім. Асноўную бібліятэку мусілі падзяліць ужо ўсе пяцёра спадчыннікаў, зноў жа, згодна з лёсаваннем. Частку кніг, «занадта спецыяльнага зместу» і багаслоўскую літаратуру, А. Багдановіч параіў нашчадкам перадаць у Цэнтральную публічную бібліятэку Яраслаўля і ў бібліятэку пры Гістарычным музеі як дарунак. Даволі сімптаматычная заўвага ўтрымліваецца напрыканцы гэтага пункта тэстамента: відавочна, бацька разумеў, што ў некага з нашчадкаў можа ўзнікнуць жаданне прадаць бібліятэку, але засцерагаў ад такога кроку. Ён нават падкрэсліў, што калі ў іх дзякуючы яго кніжнаму скарбу ўтворацца асабістыя бібліятэчкі, гэта будзе яму найлепшым помнікам.

У пятым пункце тэстамента А. Багдановіч даў распараджэнні наконт сваёй навукова-даследчай спадчыны: даследаванні «Мова зямлі. Вопыт утварэння і значэнне водна-рачных і азёрных назваў і ад іх утвораных» («Язык земли. Опыт образования и значение водо-речных и  озерных имен и от них происходящих») і «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх» («Этнический состав народов славянских и русских») ён тут наўпрост назваў справай свайго жыцця. Адам Ягоравіч адзначыў, што першая праца была ўхвалена і прынята да выдання Дзяржаўнай акадэміяй гісторыі матэрыяльнай культуры і напалову аплачана, што прысвечана яна «даўняму сябру А. М. Пешкаву / М. Горкаму, які прымаў у ёй жывы ўдзел і пісаў аб гэтым у акадэмію на імя загадчыка выдавецкай часткай Акадэміі». Нашчадкі мусілі ўзяць на сябе клопат па выданні гэтых прац, калі Адам Ягоравіч не паспее. Тры іншыя навуковыя працы, якія ўяўлялі сабой сціслыя вытрымкі са згаданых вышэй, А. Багдановіч раіў надрукаваць у краязнаўчых зборніках Яраслаўля альбо Горкага.

Шосты пункт тэстамента ўтрымлівае распараджэнні А. Багдановіча наконт другой катэгорыі рукапісаў — успамінаў, падзеленых на чатыры блокі: першы — партыя «Народная воля» ў Мінску і Беларусі, другі — скарочаная рэдакцыя пад той жа назвай, трэці — успаміны пра М. Горкага, чацвёрты — успаміны да залічэння Адама ў народныя настаўнікі, на інтэлігентную працу. Як і ў выпадку з папярэднімі даследаваннямі, Адам быў вельмі зацікаўлены ў публікацыі ўсіх сваіх мемуараў. Ён звярнуў увагу на тое, што першы блок быў адрэдагаваны, у тым ліку з удзелам яго таварыша па «Народнай волі» ў Мінску Пляхана; за другі блок, адасланы ў  Мінск у Акадэмічны інстытут гісторыі і этнаграфіі, яму прапанавалі ганарар 400 рублёў, умовіўшыся, што матэрыял успамінаў будзе выкарыстаны часткова пры напісанні іншых даследаванняў. Адносна мемуараў пра М. Горкага, якія часткова былі надрукаваныя, А. Багдановіч у тэстаменце наракаў на скарочанасць і няпоўнасць, зазначаючы, што ў куфры захоўваюцца ўспаміны пра жыццё Горкага пасля эміграцыі і стасункі з Шаляпіным. Чацвёртаму блоку ўспамінаў Адам Ягоравіч надаваў асаблівую значнасць. Ён падкрэсліў, што ў цэнтры гэтых успамінаў знаходзіцца яго сям’я і яго назіранні з канца 60-х гадоў да 1882 г., і запісана там і тое, што ён чуў ад бабулі Рузалі і іншых пра мінулае жыццё прыблізна з 20-х гадоў ХІХ ст. Паколькі давялося звярнуцца да жыцця суседзяў і агульнага стану рэчаў, узнікла цэлая панарама мястэчка Халопенічы падчас прыгону і пасля яго адмены. Гэтых успамінаў было тры аб’ёмныя папкі, і нашчадкам належала, як і ў папярэдніх выпадках, паклапаціцца пра іх друк.

Сёмаму пункту тэстамента А. Багдановіч даў адмысловы падзагаловак: «Кнігі асаблівага значэння» («Книги особого значения»). Да такіх выданняў ён аднёс найперш «Творы» на беларускай і рускай мовах Максіма Багдановіча (відавочна, гаворка вялася пра першы збор твораў у 2-х тамах, які выдаваўся ў Мінску ў 1927—1928 гг.) і «Вянок» — першае выданне яго вершаў. Сюды ж трапілі і дзве кніжкі «Перажыткаў старажытнага светасузірання ў беларусаў» аўтарства самога А. Багдановіча, якія ён у тэстаменце назваў сваёй «юнацкай» працай. Ён дакладна ўказаў тыраж і далейшы лёс выдання: з 400 экзэмпляраў 300 «трапіла ў продаж, а астатнія былі раздадзены знаёмым і этнографам, а тое, што заставалася ў мяне, згарэла ў Яраслаўскім пажары ў 1918 годзе, таму гэта кніга з’яўляецца надзвычайнай рэдкасцю». А. Багдановіч падкрэсліў: «Яна была адзначана прыхільнымі водгукамі ў рускім і польскім друку, і яшчэ нядаўна беларускі акадэмік В. Ластоўскі пісаў мне, што лічыць гэтую работу самай лепшай у беларускай этнаграфіі». Згодна з тэстаментам, гэтыя выданні былі сямейнай каштоўнасцю і павінны былі захоўвацца ў старэйшых у родзе. Раіў А. Багдановіч таксама захоўваць два наяўныя ў яго выданні Акадэміі навук з чатырох пад рэдакцыяй Шэйна «Матэрыялы для вывучэння быта і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» («Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края»): там было шмат матэрыялу, які ў свой час назбіраў А. Багдановіч. Таксама ён прасіў захоўваць часопісы «Былое» за чэрвень 1907 г. і «Яўрэйскі летапіс» («Еврейская летопись») выпуск першы за 1923 г. — там згадвалася пра рэвалюцыйную дзейнасць А. Багдановіча, а яшчэ зборнік першы «Рэвалюцыйны рух сярод яўрэяў» («Революционное движение среди евреев») 1930 г., дзе, зноў жа, у артыкуле А. А. Гурвіч згадвалася яго дзейнасць як «нарадавольца». А. Багдановіч тут наўмысна падкрэсліў, што апрача яго — не яўрэя — у артыкул трапіў Антон Паўлоўскі, і зазначыў, што беларусаў і палякаў «нарадавольцаў» у Мінску было не менш, чым яўрэяў.

У 8 і 9 пунктах тэстамента А. Багдановіч выказаў сваю волю адносна асабістага ліставання. Асабліва шчымліва ён ставіўся да ліставання з дзвюма першымі жонкамі, заўчасна памерлымі, наказваючы захоўваць усе лісты старэйшаму ў родзе. Таксама Адам Ягоравіч раіў захоўваць ліставанне з нарадавольцамі і роднымі сёстрамі, выказваючы спадзяванні, што гэта стане падмуркам для сямейнага архіва.

У 10 пунце Адам Багдановіч наказаў перадаць свой кішэнны гадзіннік Паўлу на памяць замест перададзенага ім Мікалаю гадзінніка Максіма. Тут жа згадваліся яшчэ два выданні, якія мусілі ашчадна захоўвацца,  — памятныя кніжкі Мінскай губерніі за 1860 г. і 1908 г. У першай паказваўся склад кіруючых класаў на радзіме Адама Ягоравіча пры прыгоне, а ў другой пры параўнанні можна было адсачыць, які значны адбыўся сацыяльны рух і як шмат з нізоў сацыяльнай лесвіцы паднялося ўгору.

У 11 пункце свайго тэстамента Адам Ягоравіч прасіў пасля яго смерці берагчы маці, а ў 12 выказваў упэўненасць у тым, што яго дзеці будуць добрымі грамадзянамі сваёй бацькаўшчыны.

Зразумела, адышоўшы ў іншы свет, А. Багдановіч не мог ведаць, як будзе выканана яго воля. Збольшага, як вынікае, нашчадкі падзялілі ўсё згодна з пажаданнямі апошняга, аднак волю адносна выдання прац А. Багдановіча і яго ўспамінаў ніхто з іх выканаць не здолеў: таму не маглі спрыяць няпросты перадваенны і ваенны час, мноства іншых клопатаў пасля. Дзякуючы абуджэнню цікавасці да творчасці М. Багдановіча з боку беларускіх даследчыкаў у пачатку 60-х была магчымасць, пакуль яшчэ жылі Павел і Мікалай Багдановічы, атрымаць доступ да гэтых рукапісаў і дакументаў. Сыны перадалі іх на Беларусь. Пазней некаторыя трапілі на захаванне ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Дзякуючы працы навукоўцаў, а таксама музейных супрацоўнікаў, мары А. Багдановіча аб выданні сваіх рукапісаў часткова ажыццявіліся. Так, у 2012 г. у Мінску пабачыла свет выданне: А. Багдановіч «Я ўсё жыццё імкнуўся да святла» («Я всю жизнь стремился к свету») у 2 кн. Кн. 1. «Мае ўспаміны» («Мои воспоминания») пад рэд. А. П. Вашчанкі: там змешчаны ўспаміны пра жыццё Адама ў халопеніцкі перыяд; у часопісе «Маладосць» у № 11—12 за 1995 г. апублікаваны ў перакладзе на беларускую мову яго ўспаміны аб нарадавольніцкай дзейнасці з каментарыямі; у музейным выданні «Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 1» надрукавана ліставанне Адама, у тым ліку з першай жонкай, маці паэта Марыяй. Багаты рукапісны фонд бацькі паэта захоўваецца таксама ў іншых установах, і плёнам сумеснай працы расійскіх і беларускіх даследчыкаў стала выданне «М. Горкі і А. Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі» («М. Горький и А. Богданович: дружба, рожденная на берегах Волги») (Масква, 2018). Кніга выдадзена пры садзейнічанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і ўтрымлівае дагэтуль не друкаванае ліставанне А. Багдановіча з А. Волжынай (другая жонка), М. Горкім, К. Пешкавай і іншымі. Такім чынам, жаданне мець надрукаванымі свае рукапісы, якое так заўзята выказваў Адам Багдановіч у тэстаменце, паступова здзяйсняецца дзякуючы тым, хто неабыякавы да таленту яго сына Максіма Багдановіча і лёсу сваёй краіны.



Юлія Мацук,"Звязда"
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------