Барадулін — назаўжды

Да юбілею Рыгора Барадуліна — святочная імпрэза ў Белдзяржфілармоніі.

Той, хто неабыякавы да лёсу Бацькаўшчыны, да культурнай спадчыны сваёй краіны, да памяці аб выбітных дзеячах Беларусі, абавязкова прыйдзе на юбілейную вечарыну адданага сына сваёй Айчыны – Народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна, якому 24 лютага гэтага года споўнілася б 85 год.

Чалавек, Грамадзянін, Паэт-мысляр, філосаф, народжаны беларускай зямлёй, усё жыццё самааддана крочыў шляхам служэння беларускаму слову. Няспынны творца, на “таку веку якога самым чыстым зернем былі маміны словы” і якія з’яўляліся “хлебам душы” яго, напісаў больш за 100 зборнікаў паэзіі на самую розную тэматыку. Яго творы перакладзены з беларускай мовы больш чым на 50 розных моў свету. У кожным са сваіх вершаў паэт гаварыў з прыродай, з зямлёю, якія для яго былі абсалютна жывыя. Гаварыў з Богам – і кожным разам жадаў наблізіцца да Усявышняга.

Вечарына “Барадулін – назаўжды” – гэта спроба сучаснікаў, якія былі добра знаёмыя з паэтам, якія сустракаліся з ім і сябравалі, дакрануцца да беларускага Прарока яшчэ і яшчэ раз, каб аддзячыць яму ў яго юбілейны год за талент, роздум і мудрасць і распавесці слухачам пра невядомыя старонкі жыцця паэта, пачытаць яго вершы і асабістыя вершы-прысвячэнні. А музычныя творы, якія так любіў Рыгор Іванавіч, прасякнутыя наскрозь беларускай мелодыкай і тэматыкай, у гучанні сваім нагадаюць нам яшчэ раз пра чыстую і недасяжную глыбіню яго душы, што яднае вялікага сына сваёй зямлі са спрадвечна чароўнай беларускай песняй.


19.02.2020, пачатак а 19:00.

Белдзяржфілармонія, Малая зала імя Рыгора Шырмы.

220005, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 50.





Паводле прэс-рэлізу