Беларуская літаратура для гішпанскага чытача

Анхела Эспіноса Руіс. Фота: facebook.com
Анхела Эспіноса Руіc – маладая паэтка і даследчыца беларускай літаратуры з універсітэта Комплютэнсэ ў Мадрыдзе. Яе намаганнямі на гішпанскую мову былі перакладзеныя вершы Максіма Багдановіча.

Сёлета ў верасні яна паспяхова абараніла першую ў Гішпаніі дысертацыю па беларускай літаратуры. У даследаванні былі праведзеныя паралелі паміж прозай Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бекера. А ўжо напрыканцы верасня Анхела ўзяла ўдзел у Восьмым міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, на гэты раз яна звярнулася да параўнання гішпанскай і беларускай літаратуры 20 стагоддзя.

РР: Ці ёсць нейкія паралелі ў гішпанскай літаратуры часу перамен і адыходу ад дыктатуры і беларускай літаратуры часу дыктатуры?

Анхела Эспіноса Руіc: Я больш пра распад СССР – перыяд, калі людзі спадзяваліся на пазітыўныя перамены, на незалежнасць Беларусі, якая так ці інакш атрымалася ўсё ж такі. Вяртанне да каранёў. Канешне, паралелі заўсёды можна знайсці. А тут падобнага нямала. Абедзве краіны адыходзілі ад рэжымаў дыктатуры, і таму паэты між іншымі дзеячамі палітыкі, культуры, мастацтва шукалі нешта сваё, нейкую новую прастору, зрэшты нейкія новыя філасофскія парадыгмы, якія дазволяць ім працягваць жыць. І вось беларусы, напрыклад, звярнуліся да народных вытокаў, гісторыі, да сваёй мовы роднай. Гішпанцы звярнуліся да штодзённасці ў лірычнай форме. Звярнуліся да касмапалітызму, да малой радзімы. Таму вельмі лёгка знайсці нейкія паралелі.

РР: Калі казаць пра найбольш жудасныя хвіліны і ў Гішпаніі, і ў Беларусі. Гэта акурат выпала на 30-я гады ХХ стагоддзя пасля грамадзянскай вайны 1936-1939 гадоў, гэта таямнічае забойства славутага паэта Фэдэрыка Гарсія Лоркі. У Беларусі – Курапаты. Ці сённяшняя літаратура вяртаецца да гэтых падзеяў?

Анхела Эспіноса Руіc: Сённяшняя ўжо менш. Гэта больш прысутнае было ўсё ж такі ў 90-х – пачатку 2000-х. Не скажу, што гэтыя тэмы зніклі. Гэта балючыя тэмы, як і дзве Сусветныя вайны. Тэмы, да якіх літаратары, рэжысёры вяртаюцца.

РР: Ці беларускія творы могуць зацікавіць менавіта гішпанскага чытача, бо Вы таксама з’яўляецеся перакладчыцай, пакуль што паэзіі Багдановіча і Купалы. Ці магла б беларуская проза знайсці ў Гішпаніі свайго чытача?

Анхела Эспіноса Руіc: Я ўпэўненая, што так. Таму што ў беларускай прозе я заўважала шмат агульначалавечых каштоўнасцяў, якія кожнага зацікавяць. Мы з выдавецтвам нават думалі выдаць Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня» або «Дзве душы» Максіма Гарэцкага. Проста мы шукаем фінансаванне, што праўда. Патрэбна падтрымка, а з чытачамі, я думаю, праблемы не будзе. Бо, па-першае, гэта вельмі якасная проза, у Беларусі хапае якаснай прозы. Па-другое, я адчуваю, што я ў стане годна перакладаць гэтую прозу. Таму, спадзяюся, гэтыя выданні мелі б нейкую літаратурную вартасць. Мы толькі чакаем на такі шанец, калі атрымаецца выдаць новую кнігу.

Гутарыў Юрка Ляшчынскі
Радыё Рацыя