Навіны


Распачатую Кастусём Каліноўскім справу працягнуў іншы ўдзельнік паўстання, які таксама спазнаў мужыцкую «праўду» і ўвасобіў яе ў сваёй творчасці, — Францішак Багушэвіч. 21 сакавіка спаўняецца 180 гадоў з дня яго нараджэння.

Менавіта Францішак Багушэвіч падхапіў кліч, кінуты паўстанцамі на чале з Каліноўскім, і абвясціў яго на ўвесь свет, зрабіўшыся духам, які нарадзіў рух Беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя:

Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі,

Мучылі за праўду, сілай паканалі;

Пашлі ж цяпер Духа,

да пашлі без цела,

Каб уся зямелька адну праўду мела!


«Каб я панам ніколі не быў»

Францішак Бенядзікт нара­дзіўся 9 (21) сакавіка 1840 года ў сям’і Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў. Ён з’явіўся на свет у Свіранах (цяпер Віленскі раён Літвы) у маёнтку сям’і маці — Канстанцыі з Галаўнёў, пляменніцы кіраўніка былой Літоўскай уніяцкай епархіі Андрыяна Галаўні.

Дзяцінства будучага беларускага песняра прайшло ў Кушлянах, дзе Багушэвічам належалі 34 сялянскія душы. Радавы маёнтак знаходзіўся побач з вядомым яшчэ з 1407 года мястэчкам Жупраны, куды сям’я наведвалася на касцельную службу, і пра якія Францішак пазней пісаў: «Калісьці “Пане Каханку”, прыехаўшы на паляванне ў сваю Жупранскую (напэўна, яна называлася Зубранскай) пушчу, якая належыць цяпер гр. Чапскім, быў так прыемна здзіўлены глухімі і непраходнымі лясамі і багаццем дзічыны, што нібыта ўсклікнуў: “Не ведаў я, што значыць Жупранская пушча!”». У часы маленства Багушэвіча ад былой пушчы амаль нічога не засталося. На яе месцы паўстала поле з невялічкімі шнурамі сялянскіх надзелаў.

Ваколіцы Жупранаў, як і само мястэчка, дужа пацярпелі ў час адступлення французскай арміі з-пад Масквы ў 1812 годзе, ператварыўшыся ў папялішча, аб чым узгадваў у «Гісторыі Напалеона» граф Філіп Поль дэ Сегур (1824): «Бляск гэтага полымя прыцягваў пакутнікаў, якіх мароз і боль давялі да шаленства. Яны і ўцякалі, як звар’яцелыя, з зубным скрыгатам і вар’яцкім смехам, кідаліся ў агонь, у якім гінулі ў страшэнных канвульсіях. Іх галодныя таварышы глядзелі на гэта без страху, былі нават такія, якія выцягвалі абгарэлыя целы… і неслі да вуснаў гэтую смуродную ежу…»

З дзяцінства Багушэвіч сутыкаўся з нядоляй простага народа, павага да якога знайшла адлюстраванне ў яго вершах:

Маліся ж, бабулька, да Бога,

Каб я панам ніколі не быў:

Не жадаў бы ніколі чужога,

Сваё дзела як трэба рабіў.


Францішак Багушэвіч


Навучанне

У 1852 годзе Францішак разам з братам Валяр’янам паступіў у Віленскую гімназію. Ён вучыўся ў адным класе з будучымі вядомымі ўдзельнікамі паўстання 1863–1864 гадоў Цітусам Далеўскім (паплечнікам Кастуся Каліноўскага) і Юльянам Чарноўскім (камісарам Ашмянскага павета). У старэйшым класе навучаліся Канстанцін Далеўскі (будучы герой Парыжскай камуны), Зыгмунт Мінейка (ваенны кіраўнік Ашмянскага павета), Вінцэнт Віткоўскі (у 1860 годзе быў здадзены ў арэнбургскія лінейныя батальёны). Яшчэ на клас старэйшы быў Ігнат Здановіч — таксама адзін будучы паплечнік Каліноўскага.

У 1855 годзе пры гімназіі з’явіўся Музей старажытнасцяў, заснаваны вядомым калекцыянерам і археолагам Яўстахам Тышкевічам. Францішак перадаў музею шэраг уласных знаходак, сярод якіх тры старажытныя манеты, крыж са славянскім надпісам і гадальнік.

У першыя гады навучання Багушэвіч не вызначаўся асаблівымі поспехамі і два гады (1857–1858 і 1858–1859) нават вымушаны быў правесці ў пятым класе. Найлепш яму даваліся руская і польская мовы, а найгорш — латынь, па якой ён меў «адзінку». Аднак у апошнім, сёмым класе, узяўся за розум, асабліва за матэматыку, і ў чэрвені 1861 года скончыў навучанне ў гімназіі ў ліку чатырох лепшых выпускнікоў з правам на чын XIV класа.

15 верасня 1861 года Францішак быў залічаны на першы курс Пецярбургскага ўніверсітэта па матэматычным разрадзе. Гэта былі цяжкія месяцы ў сталіцы — амаль без грошай у кішэні. У самы горшы момант з Багушэвічам здарыўся цуд, пра які ён успамінаў праз чвэрць стагоддзя: ён ішоў па Васільеўскім востраве і знайшоў на дарозе 2 рублі, «а роўна гэтулькі і было патрэбна для майго шчасця!»

Вучобу ва ўніверсітэце Францішак так і не распачаў: 24 кастрычніка ён удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях супраць новых заліковых кніжак (матрыкул), а 14 лістапада напісаў на імя рэктара просьбу аб звальненні з універсітэта — «з-за цяжкай хваробы і неспрыяльнага клімату». Ён выехаў у родныя Кушляны ў той час. Універсітэт жа 24 снежня быў часова закрыты.

Па вяртанні на радзіму Францішак уладкаваўся на працу ў школку, створаную ўладальнікам маёнтка Доцішкі Лідскага павета Аляксандрам Звяровічам (Жвяровічам), дзе навучаў сялянскіх дзяцей. Тут ён пасябраваў з Янам Карловічам з суседняга маёнтка Подзітва. Гэта быў высокаадукаваны малады чалавек, які скончыў Віленскую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт і вучыўся ў Каледж дэ Франс у Парыжы, універсітэце ў Гейдэльбергу і кансерваторыі ў Бруселі. Сяброўства з Карловічам Багушэвіч пранёс праз усё жыццё.

Акрамя працы ў школцы Францішак вандраваў па вёсках, вывучаў жыццё тутэйшых жыхароў. Ад Казіміра Умястоўскага з Замаслаўя Ашмянскага павета (сёння Іўеўскі раён) ён даведаўся пра сялянскія хваляванні, якія адбываліся тут вясной-летам 1861 года. Тыя падзеі сталі сюжэтам для аднаго з яго мацнейшых вершаў — «Хрэсьбіны Мацюка», у якім ён распавядае, як «О так-то хрысцілі мяне казакі / З тутэйшага ды ў палякі!»



20 гадоў на чужыне

Напрыканцы студзеня 1863 года пачалося паўстанне, да якога далучыліся браты Францішак і Валяр’ян Багушэвічы. Валяр’ян яшчэ напярэдадні выступлення належаў да палітычнага гуртка «Пянтковічаў», а вясной узначаліў адзін з невялікіх атрадаў. Францішак жа далучыўся да атрада Людвіка Нарбута. Перад тым, згодна легендзе, у цэнтры Жупранаў, узняўшыся на камяні, сказаў прамову пра патрэбу барацьбы супраць прыгнятальнікаў.

Пасля разбіцця атрада Нарбута Багушэвіч дзейнічаў у атра­дзе Аляксандра Парадоўскага-Астрогі. Але 12 чэрвеня быў цяжка паранены ў нагу ў Аўгустоўскіх лясах і ратаваўся ў Крашэўскіх, пасля чаго вымушаны быў выехаць ва Украіну — да дзядзькі Аляксандра Галаўні ў Нежын. Грошы на дарогу пазычыў Ян Карловіч. А сястра Ганна, брат Апалінар і бацькі з лістапада 1863-га да снежня 1864-га ўтрымліваліся за кратамі па абвінавачванні ва ўдзеле ў паўстанні.

7 траўня 1865 года Францішак падаў заяву на паступленне ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Каб мець сродкі на «стол і кватэру», ён падпрацоўваў рэпетытарам, зарабляючы па 8 рублёў у месяц. Навучанне скончыў 26 ліпеня 1868 года, пасля чаго адправіўся памочнікам справавода ў Чарнігаў. Затым была праца следчым у тым жа Чарнігаве, горадзе Гразявец Валагодскай губерні, Кралевіцкім павеце і ў горадзе Канатоп. За 20 гадоў удалечыні ад Бацькаўшчыны ён даслужыўся да старшага следчага, атрымаў нават ордэн святога Станіслава 3-й ступені і чын калежскага саветніка. Але начальства, нягледзячы на бездакорную працу, па-сапраўднаму ніколі не мілавала яго. Ён жа пра той час узгадваў, што «прамываў цукар у вадзе». Аднак менавіта на чужыне Багушэвіч пачаў пісаць свае першыя беларускамоўныя вершы.

У верасні 1874 года Францішак пабраўся шлюбам з мінчанкай Габрыэлай са Шклёнікаў, з якой меў дзяцей Тамаша Вільгельма (1876) і Канстанцыю-Марыю (1881). Знаходзячыся ва Украіне, Багушэвіч увесь час марыў вярнуцца на Радзіму. І ў 1883 годзе для таго склаліся спрыяльныя ўмовы: у траўні прайшла каранацыя новага імператара Аляксандра ІІІ, які абвясціў амністыю ўдзельнікам паўстання 1863–1864 гадоў. А ў лістападзе 1883 года на тэрыторыю Беларусі і Літвы была распаўсюджана судовая рэформа, у межах якой ствараліся галосныя суды, што давала магчымасць працаўладкавання ў якасці «прысяжнага паверанага» (адваката). Таму 2 лютага 1884 года Францішак падаў прашэнне аб адстаўцы і ўжо 25 сакавіка на Звеставанне, «як буслы», Багушэвічы былі ў Вільні.



Вяртанне

Яны пасяліліся на вуліцы Коннай (сёння — Арклю) у доме лекара Казлоўскага, непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Францішак працаваў «прысяжным абаронцам», але ад гэтага занятку меў больш клопату, чым заробку. У студзені 1885 года ён пісаў Яну Карловічу: «… кліентаў маю палову Вільні і ваколіц, але яны зняверыліся, і да мяне не прыходзяць, бо ведаюць, што весці іх справы задарма не думаю. Хаджу сабе і думаю, а што думаю, сам не ведаю, дык і апісаць не магу, і на гэтым канец».

Цяжкія думкі прыгняталі Багушэвіча, пра што ён паведамляў 5 (17) лютага: «Пакуль я быў далёка ад радзімы і ад сваіх, жадаў, нібы таго біблейскага збавення, знаходжання тут, а цяпер… не бачу сваіх і шукаю іх ва ўспамінах. Што гэта? Дзе тое, чаго я шукаў, і дзе тыя берагі, за якія не будзе сягаць туга? Ад чаго ж той незразумелы настрой душы, тое неспатольнае жаданне чагосьці?» Багушэвіч называе сябе «чалавекам, які нарадзіўся не ў сваю эпоху альбо які нарадзіўся так, што яго “эпоха” ніколі не наступіць, які з гэтай прычыны змушаны ўсё жыццё быць у своеасаблівай барацьбе з той эпохай і з усім тым, што ёсць у ёй…»

Каб падтрымаць сябру, Ян Карловіч падбіваў Францішка зрабіцца карэспандэнтам польскага часопіса «Край», што выходзіў у Пецярбургу. Але Багушэвіч быў вельмі няўпэўнены ў сабе і адзначыў, што «не раз рабіў спроб, ды рваў іх… Прыкра было б мне прачытаць у адказ: “ні змест, ні стыль непрыдатныя” ці нешта падобнае». Але ўсё ж выканаў параду: 4 красавіка 1885 года быў надрукаваны яго першы матэрыял, прысвечаны зніжэнню коштаў збожжа як наступства пачатага эканамічнага крызісу. Усяго за 7 гадоў у «Краі» пабачылі свет больш за паўсотні артыкулаў і нататак Багушэвіча.


«Дудка беларуская»

Францішак пачаў дасылаць Карловічу і вершы па-беларуску, сярод якіх адзін з першых у 1887 годзе — гэта «Думка», які пачынаецца радком «Чагось мне маркотна, на плач забірае…» і заканчваецца спа­дзевам на лепшае:

Ну ды рана-позна,

тыкі мне здаецца,

Кожны занудзіцца,

да дому прыб’ецца…

Паглядзець, як людзі ў бядзе

сабе радзяць,

Абсядуцца ў дому і лад

заправадзяць.


Праз Яна Карловіча ў студзені 1887 года Францішак пазнаёміўся ў Гродне з вядомай пісьменніцай Элізай Ажэшкай: «Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават даў мне іх копію з асобным вершам, які напісаны па-беларуску. Ці ж няпраўда, што гэта цудоўныя рэчы, яны маюць нейкае асаблівае хараство, і я вельмі зацікавілася, ці зразумеюць іх таксама нашыя хлопы і ці змогуць яны іх упадабаць. На будучае лета паспрабую чытаць іх маім міневіцкім знаёмым».

Багушэвіч наведваў Ажэшку і ў верасні, і ў снежні 1887-га, чытаў пісьменніцы свае творы, у тым ліку адну са сваіх беларускіх казак. Пісьменніца 22 лютага 1888 года даслала ліст Карловічу, у якім зрабіла важную для далейшай творчасці Багушэвіча выснову: «Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на маю думку, выдатныя. Трэба з усёй сілы заахвочваць яго да працы ў гэтым кірунку».

Гэта займела поспех. У 1891 годзе ў кракаўскай друкарні Уладзіслава Анчыца пабачыў свет зборнік «Дудка беларуская», падпісаны псеўданімам «Мацей Бурачок». Так сябе назваў Багушэвіч, які ў лісце сябру Яну Карловічу наракаў на вялікую колькасць памылак у выданні. Але тое было ўжо дробяззю. Дудка зайграла «ад краю да краю», стаўшы пуцяводнай зоркай беларускага Адраджэння.

Але важней за вершы стала прадмова, у якой аўтар імкнецца абгрунтаваць права на развіццё роднай мовы, як пра тое напісалі ў рэцэнзіі ў польскім часопісе «Агульны агляд» у траўні 1892 года. Францішак Багушэвіч разбураў стэрэатып пра «мужыцкую» мову, якая насамрэч называецца «беларускай», ставіў яе ў адзін шэраг з англійскай і французскай, адзначаючы: «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная». Менавіта мову Багушэвіч кладзе ў аснову вылучэння беларусаў як самастойнага народа («Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў») і акрэслівае межы існавання Беларусі: «Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…»

У той жа час Багушэвіч спрабаваў адказаць, чаму ж радзіма называецца менавіта «Беларусь»: «Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася». Гэтыя словы да сёння — квінтэсэнцыя нацыянальнай ідэі. У той жа час Багушэвіч выступаў і як прарок уласнага народа, прадбачыўшы самую згубную для яго небяспеку: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы».



Багушэвіч і Ажэшка

6 лютага 1892 года Багушэвіч наведаўся ў Гродна да Элізы Ажэшкі, у якой сабралася шмат гасцей, каб павіншаваць гаспадыню з 50-годдзем. Ён выступіў з прамовай у гонар пісьменніцы, сведкам чаго была жыхарка Варшавы Стэфанія Сэмпалоўская: «Сярод тых гасцей, з якімі я пазнаёмілася ўжо ў Гродне, зацікавіў мяне адзін чалавек, які вылучаўся вопраткай — выглядаў ён крыху па-сялянску (у высокіх ботах і старасвецкай даматканай світцы). Гэта быў Францішак Багушэвіч… беларускі паэт. Відаць, пан Багушэвіч адчуў, што нас лучыць і збліжае агульнасць у вопратцы, таму што сеў пры стале каля мяне, і мы пачалі доўгую гаворку, якая працягвалася некалькі гадзін… Было гэта першае ў маім жыцці сутыкненне з беларускай культурай і беларускім народам. Апавяданне пана Багушэвіча — гэта цудоўная, доўгая, простая па літаратурнай форме прамова. Аўтар спачатку расказваў аб беларускай зямлі — убогай, шэрай, што нічым не здзіўляе. Яна не мае ніякіх багаццяў, не дарасла да дзяржаўнасці ні праз зямныя багацці, ні праз узброеную сілу. На ёй няма ні ззяючых золатам гарадоў, ні замкаў, што свецяцца на сонцы белымі мурамі.

Беларусь, — казаў пан Багушэвіч, — гэта нізкія хаты з саламянымі стрэхамі. Але ў гэтых хатах б’юцца гарачыя сэрцы, нараджаюцца глыбокія чалавечыя пачуцці.

У гэты ўбогі край з больш шчаслівай і багатай сваёй айчыны прыйшла пані Ажэшка. Прыйшла і зычліва глянула, зычліва, па-братэрску паціснула рукі і злучыла іх з сваімі вузлом узаемных пачуццяў і ўзаемадапамогі.

І яна, полька, глядзіць сёння на Беларусь у крытай саломаю хаце не як на чужога ці ворага, але як на чалавека, з якім на адной зямлі і пры ўзаемадапамозе лягчэй жыць.

Якімі ж беззмястоўнымі здаліся мне потым выступленні паноў, апранутых у фракі».


«Смык беларускі» і сялянскі адвакат

У 1892 годзе Багушэвіч выдаў невялікую кніжку з апавяданнем «Тралялёначка». Затым яшчэ адну, без назвы і подпісу, якая пачыналася словамі «Гаспадары, для Вас пішым гэта апавяданне… вы ж і павінны ведаць, сколькі церпяць вашые браты пад царскім ярмом. Апавядання гэтыя смутныя і страшныя, а нядоля нашая вялікая!..» У жніўні 1893-га Багушэвіч выправіўся за мяжу, відавочна, па патрэбе выдання новага зборніка вершаў, які пабачыў свет у 1894-м у Познані. Гэта быў «Смык беларускі» за подпісам «Сымон Рэўка з-пад Барысава».

Калі ў творчым плане ў Багушэвіча меліся вялікія поспехі, то ў працы з кожным годам станавілася ўсё цяжэй. Ён успрымаўся як «сялянскі адвакат», якога калегі па цэху за спінай называлі «хлопам», не паважаючы яго за тое, што ён не раз дапамагаў людзям судзіцца з іншымі адвакатамі, якіх тыя абдурвалі. Да яго накіроўваліся пакрыўджаныя з усяго краю, ведаючы, што Багушэвіч выслухоўвае людзей на «беларускай гаворцы». Багушэвіч дапамагаў сялянам у Ашмянскім павеце змагацца ў 1886 годзе з графам Адамам Гутэн-Чапскім, які незаконна завалодаў лесам і выганам сялян вёсак Навасёлкі і Гудзяняты. У снежні 1888 года выступіў на баку сялянаў вёскі Смейлы Віленскага павета Маліноўскім і Валенціновічам, якіх абвінавацілі ў хваляваннях. Здараліся выпадкі, калі ён вёў справы і задарма, як у 1892 годзе дапамагаў селяніну Крэўскай воласці Міхалу Вольскаму.

З восені 1894 годзе Францішак Багушэвіч пачаў моцна хварэць, спачатку на сэрца, затым на ныркі, і не меў магчымасці ні працаваць дастаткова для ўтрымання сям’і, ні пісаць. І тады, калі, здавалася, у яго жыцці наступіў найцяжэйшы час, як і ў выпадку непачатага пецярбургскага студэнцтва, з ім здарыўся цуд: у 1896 годзе ён атрымаў спадчыну па смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша. Францішак здолеў разлічыцца з пазыкамі і пачаў наноў адбудоўваць сядзібу ў Кушлянах. А таксама прафундаваў у Кракаве другое выданне «Дудкі беларускай», у якім галіцыйскія славянафілы ўбачылі пагрозу «нацыянальнага і літаратурнага сепаратызму беларусаў у Расіі».

Нарэшце, 20 траўня 1898 года Багушэвіч напісаў заяву аб вызваленні ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе «з прычыны цяжкай хваробы», і разам з сям’ёю перабраўся ў Кушляны. Тут ён аднавіў бацькоўскую сядзібу, высадзіў шматлікія каштаны і нават на шырокім дубовым пні стварыў сонечны гадзіннік, які быў знішчаны ў 1915 годзе, калі хату Багушэвічаў немцы выкарыстоўвалі як вайсковы шпіталь.

Аднак здароўе падвяло яго канчаткова. Не маючы магчымасці выехаць за мяжу, Багушэвіч спрабаваў выдаць напісаныя ім «Беларускія апавяданні Бурачка» і «Скрыпачку беларускую» ў Віленскай губернскай друкарні. Аднак цэнзура ўбачыла ў іх не з’яўленне новай беларускай літаратуры, а, у першую чаргу, намаганні «разбіць і аслабіць літаратурнае і нацыянальнае адзінства, а ў выніку гэтага і палітычную магутнасць рускага народа». Зборнікі так і не былі надрукаваныя, і іх далейшы лёс невядомы.

Францішак Багушэвіч апошні год увесь час ляжаў у ложку і выношваў ідэю стварэння беларускай граматыкі. Зрэдку яго выносілі на веранду, каб ён паназіраў за кушлянскім жыццём. Ён памёр 15 (28) красавіка 1900 года. У гэты ж дзень сын Томаш зрабіў замалёўку бацькі.



Над яго магілай быў усталяваны высокі дубовы крыж з двума вянкамі са словамі: «Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы» і «Мацею Бурачку ад мужыкоў-беларусаў». На крыжы віселі дудка, смык і скрыпка. На ўзгорку, дзе Багушэвічы святкавалі Купалле, на вялізным камяні быў зроблены надпіс: «Памяці Мацея Бурачка». Немцы спрабавалі яго ўзарваць, але толькі трохі пашкодзілі. Падчас выбуху з зямлі выбіліся шматлікія паперы, якія затым валяліся па ўсёй ваколіцы. У 1983 годзе побач былі пасаджаныя 60 маладых дубоў, у гонар пражытых гадоў паэта.

У 1901 годзе ў Жупранскім парафіяльным касцёле з’явілася белая мармуровая дошка (аўтар — Іван Арасімовіч) з Багушэвічавым партрэтам на медзі (аўтар — Ян Яроцкі). У 1970-я гады партрэт, да якога людзі многія гады ставілі свечкі, знік, і зноў быў адноўлены ў 1990 годзе.



Багушэвіч пакінуў сям’і маёнтак Кушляны, адзення і бялізны коштам у 300 рублёў, ды грашовую прэтэнзію да аднаго з кліентаў за вядзенне справы. Аднак значна больш ён падараваў свайму народу, пра што засведчыла Алаіза Пашкевіч (Цётка): «Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам… аж покі не папала ў мае рукі “Дудка” Мацея Бурачка; яна то мне сказала, што хто гаворыць па-тутэйшаму, па-мужыцку, значыцца, ён гаворыць па-беларуску, а хто гаворыць па-беларуску, то беларус. Прачытаўшы тую “Дудку”, я сказаў: “Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, “Дудка”, грай і мне голас дай”».



Васіль Герасімчык, "Новы Час"
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------