Беларусы ініцыявалі ўсталяванне помніка Яну Баршчэўскаму ва Украіне

Дабрачынны Фонд Марыі Магдалены Радзівіл паставіць ва Ўкраіне помнік беларускаму пісьменьніку XIX стагодзьдзя Яну Баршчэўскаму — нядаўна ў Чуднаве на Жытоміршчыне знайшлі надмагільную пліту і дакумэнты аб сьмерці Яна Баршчэўскага.

Прэзыдэнт Фонду Аляксандар Сапега расказаў Свабодзе, што макет помніку — калёны і бюсту з бронзы — ужо зроблены і высланы ўладам гораду Чуднава. Паразуменьне з адміністрацыяй ёсьць, дадаў Сапега.

Цяпер разглядаецца пытаньне аб тым, каб у помніку скарыстаць і надмагільную пліту, што захоўваецца ў Саюзе палякаў у Жытоміры. Паводле Сапегі, у гэтым пытаньні супольнага адназначнага рашэньня з палякамі, якія перахоўваюць пліту, няма, абяцаная рэстаўрацыя пліты яшчэ ня зробленая. Гаспадаром пліты ёсьць дзяржава, бо пліта лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

«Калі будзе прынятае рашэньне, што ў гэтай канцэпцыі мы можам ужыць надмагільную дошку, будзем разьбірацца з дошкай, і тады пачнецца выраб скульптуры», — растлумачыў Сапега.

Дакладнае месца пахаваньня Яна Баршчэўскага невядомае, але дакумэнты пацьвярджаюць, што пісьменьнік пахаваны на могілках касьцёла, які зруйнаваны савецкай уладай у 1935–1936 гадах і знаходзіўся паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту.



ЗБС "Бацькаўшчына"