«Белпошта» раптоўна выключыла «Новы Час» з падпіснога каталогу


Пад вечар пятніцы чытачы сталі паведамляць, што не могуць падпісацца на «Новы Час» ні праз інтэрнэт, ні праз паштовыя аддзяленні. Па тэлефоне гарачай лініі ў пятніцу паведамілі, што гэта, магчыма, тэхнічная памылка.

Але сёння ранкам прадстаўнікі аддзела падпіскі па тэлефоне паведамілі: «Так, мы прынялі рашэнне не працягваць з вамі супрацоўніцтва. Мы адправілі вам ліст». Але пасля высветлілася, што ліст яшчэ толькі збіраюцца адправіць сёння.

Абноўлена: ліст даслалі на элетронную пошту. Высветлілася, што такім чынам кіраўніцтва "Белпошты" адрэагавала на папярэджанне Генпракуратуры галоўнаму рэдактару.

На «Белпошце» запэўнілі, што усім, хто ўжо аформіў падпіску на 2-е паўгоддзе, вернуць грошы.

Мы ж заклікаем усіх, хто хацеў бы падтрымаць газету і застацца яе чытачом, паведаміць адрасы для падпіскі. Гэта можна зрабіць праз сацсеткі, нашу элетронную пошту ці па тэлефонах рэдакцыі.

У бліжэйшы час мы паспрабуем вырашыць гэта пытанне і не пакінем вас без любімай газеты.

Рэдакцыя





Новы Час