“Біл і Бола” вандруюць па краіне

Гісторыя Гунілы Бэргстрэм пра хлопчыка Біла, у якога малодшая сястра асаблівая, на беларускай мове з’явілася ў 2017 годзе.

А ў 2019 ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” разам з грамадскай культурніцкай арганізацыяй “Будзьма беларусамі!” стварылі аўдыёкнігу “Суперкніга пра Біла з Болаю”. Актыўны ўдзел у стварэнні кнігі і запісе дыска прынялі перакладчыца і культурная арганізатарка Надзея Кандрусевіч, акторы Ганна Хітрык і Павал Харланчук, перакладчыкі Андрэй Хадановіч і Алеся Башарымава.

І вось пачалася вялікая вандроўка незвычайна-звычайнай вясёла-сумнай гісторыі па краіне! Сябры “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьменнікаў распавядаюць гэтую гісторыю маленькім і дарослым, паказваючы, як важна разумець і прымаць “непадобнасць” асаблівых людзей.

22.jpg

Акторкі тэатрыка “Лямцавая батлейка” Вераніка Фаміна і Наталля Леванава ладзяць тэатралізаваныя чытанні, “рыцарская” каманда Юрыя Усціновіча на прыкладзе ўласнай жыццёвай гісторыі паказвае, што быць асаблівым цяжка, але не варта ўпадаць у роспач.

Шчырыя хваляванні, спачуванне, усмешкі і разуменне іншага, непадобнага да цябе. Нярэдка такія цёплыя душэўныя сустрэчы сканчваюцца шчырымі абдымкамі.



Ул.інф.