Брава, Лукашук, згадкі пра Васючэнку: выйшаў №107 "Дзеяслова"

У жнівеньскім “Дзеяслове” – рэкордная колькасць аўтараў і аўтарак. Гэтак сталася праз тое, што празаічная частка нумара прадстаўленая творамі малой формы. З апавяданнямі выступаюць Аляксандар Лукашук, Алена Брава, Франц Сіўко, Павал Каспяровіч, Паліна Качаткова, Сяргей Календа.

У частцы паэтычнай паэма Сяргея Законнікава, вершы Васіля Жуковіча, Генадзя Тумаша, Міколы Кандратава, Анхелы Эспіносы Руіс, Міколы Гілевіча.

Варта звярнуць увагу на адметны “Дэбют” нумара – гэта навуковая праца выпускніцы Ліцэя БДУ Анастасіі Макоўскай з новым прачытаннем раманаў “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага ды “Пошукі будучыні” Чорнага. Яшчэ адна дэбютантка “Дзеяслова” – Ксенія Калашнікава (навэла “Гонка”).

Насычаная на імёны і тэксты і перакладная частка. Тры сучасныя расійскія аўтары – Наталля Саннікава, Фёдар Свароўскі, Андрэй Сэн-Сэнькоў – цяпер дасяжныя для беларускага чытача праз перастварэнне Андрэя Хадановіча. Яшчэ адзін пераклад з рускай – апавяданні беларускага японца Вячаслава Казакевіча (пераклала Вера Лойка). Адметная публікацыя – суплёт водгукаў Ільмы Ракузы на нямецкамоўныя кнігі Алеся Разанава (пераклад Ірыны Герасімовіч).

У мемарыяльнай частцы нумара – цёплыя згадкі пра Пятра Васючэнку ад яго калег, сяброў і блізкіх – Лявона Баршчэўскага, Ніны Здановіч, Сяргея Кавалёва, Уладзіміра Сіўчыкава, Алеся Усені, а таксама – жыццяпіс Уладзіміра Міхно, празаіка і журналіста, які летась спачыў у вечнасці, напісаны яго сястрой Верай Міхно.

У “Мастацтве” – тэксты Адама Глобуса пра мастачку Яніну Зельскую (яе працы аздобілі вокладку 107-га нумара) і Галіны Багданавай (штрыхі да творчага партрэта Івана Арцімовіча).

Валянцін Акудовіч працягвае сваю захапляльную мемуарную сагу “На рыштаваннях горада Сонца”. Гэтым разам у святло яго ўспамінаў патрапляюць Ірына Дубянецкая, Міхал Анемпадыстаў і Артур Клінаў.

У рубрыцы “Прачытанне” – тэкст Евы Лявонавай пра семантыку біблейскіх алюзій у дзвюх апошніх кнігах Леаніда Галубовіча.

У “Кнігапісе” – рэцэнзія Марыі Новік на новую кнігу Дануты Бічэль.

Са зместам можна пазнаёміцца тут.


Жыве Беларусь!



"Дзеяслоў"