"Чаму Меша не мае хаты" і "Libido" — кнігі-лаўрэаты!

кнігі-лаўрэаты: "Чаму Меша не мае хаты" Надзеі Ясмінска і Кацярыны Дубовік; "Libido"Іллі Сіна
Сёлета падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі "Прадмова" адбыліся цырымоніі ўручэння цэлага шэрагу літаратурных прэмій. Фактычна ўсе лаўрэаты і лаўрэаткі -- сябры нашай арганізацыі. Так, лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча быў названы Васіль Герасімчык, аўтар кнігі пра Кастуся Каліноўскага. Найлепшай дзіцячай кнігай мінулага года і кнігай-лаўрэаткай Прэміі Цёткі сталі "Фантазюркі" Веры Бурлак, а ў намінацыі "Найлепшыя ілюстрацыі" першай была прызнаная праца Кацярыны Дубовік, якая стварыла мастацкі свет кнігі Надзеі Ясмінскай "Чаму Меша не мае хаты", што выйшла ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў "Каляровы ровар". Ужо другі раз запар найлепш ілюстраванымі прызнаюцца кнігі : нашай серыі, летась улаўраваныя былі ілюстрацыі Лізаветы Лянкевіч да кнігі Рыгора Барадуліна "Азбука. Вясёлы вулей".

Новым лаўрэатам прэміі "Гліняны Вялес", заснаванай Алесем Аркушам і Таварыствам вольных літаратараў, стаў Ілля Сін за кнігу "Libido", якая выйшла ў серыі "Кнігарня пісьменніка".

Шчыра віншуем усіх пераможцаў!


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"