"Чаму Меша не мае хаты?" — новая кніга для нашых дзетак!

У серыі "Каляровы ровар" Саюза беларускіх пісьменнікаў папаўненне -- аўтарская казка пісьменніцы Надзеі Ясмінскай у афармленні мастака Кацярыны Дубовік

Абедзве творцы ўжо вядомыя чытачам як вялікім, так і маленькім і атрымалі прызнанне экспертаў -- у розны час яны станавіліся лаўрэаткамі прэміі Цёткі ў галіне літаратуры для дзяцей. І вось -- новая цікавостка для дзетак ды іх бацькоў, чароўная гісторыя пра міфічнага і сімпатычнага персанажа.

Хто ж такi Меша? Яго можна назваць беларускiм бабайкам, бо некалi мамы i бабулi палохалi iм непаслухмяных дзяцей. Але адкуль у яго чорная поўсць, калючы нораў i, галоўнае, чаму Меша пакiнуў сваю цёплую печку i цяпер не мае хаты? Маленькiя i дарослыя слухачы могуць пра ўсё даведацца з казачнай гісторыі, якую раскажа і пакажа Надзея Ясмiнска. 

18 ТРАЎНЯ (ПЯТНІЦА) а 14-й гадзіне на пляцоўцы для чытання ў двары БНТУ адбудзецца ў межах фэсту "Горад і кнігі" прэзентацыя гэтай кнігі. 
На стэндзе Алеся Дудара на фэсце можна будзе набыць першыя кнігі Н. Ясмінскай і К. Дубовік "Чаму Меша не мае хаты", паглядзець лялечную пастаноўку пра Мешу, атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца з Надзеяй Ясмінскай у чароўным строі і лялькамі! Прыходзьце!!!