8 чэрвеня — беларуская прэзентацыя рамана пра свабоду, перакладзенага на 40 моў

Раман «Зіма Гюнтэра» стаў галоўнай з’явай культурнага жыцця Парагвая за апошнія трыццаць гадоў. Твор, выдадзены ў 1987 годзе, быў перакладзены больш чым на сорак моваў свету.

Хуан Мануэль Маркас нарадзіўся ў 1950 годзе ў Асунсьёне. Па сённішні дзень ён застаецца самым знаным у свеце пісьменнікам з Парагвая, ітэлектуальным арыенцірам краіны. Празаік, публіцыст, літаратурны крытык ды аўтар песень на народную музыку, Маркас быў адным з самых зацятых праціўнікаў дыктатарскага рэжыму Альфрэда Строснера.

Ад 1973 да 1987-га яго пераследавалі за палітычныя перакананні, пісьменнік зазнаў арышты і катаванні, а пазней быў вымушаны жыць у выгнанні. У 1989 годзе пасля падзення дыктатуры пісьменнік вярнуўся на радзіму, дзе праз два гады заснаваў прыватны ўніверсітэт, які і па сённішні дзень карыстаецца найвялікшым прэстыжам у Парагваі.

Раман «Зіма Гюнтэра» — гэта аповед пра лёс халоднага супрацоўніка Сусветнага банка, парагвайца нямецкага паходжання, Гюнтэра і яго жонкі, Элісы Лінч, прыгожай і пачуццёвай жанчыны афраамерыканскага паходжання.

Падзеі адбываюцца ў Парагваі (аднак у кнізе няма прамога згадвання месца дзеяння) падчас праўлення дыктатара Строснэра.

Адна з прычын, па якой героі знаходзяцца ў Парагваі, — неабходнасць выратаваць ад пераследаў, турэмнага зняволення і катаванняў іх пляменніцу, якой улада пагражае з-за яе вершаў, прасякнутых любоўю да краіны ды заклікам да свабоды і дэмакратыі.

Разам з героямі чытач трапляе ў вір паўднёваамерыканскай вайсковай дыктатуры, дзе адзіная надзея на збавення — непераможны ідэалізм моладзі. Кніга мае незвычайную апавядальную структуру, яе вылучае шматслойнасць і калейдаскапічнасць — адна сцэна нечакана змяняецца іншай, а палітыка-сацыяльнае гучанне перабівецца дэтэктывам.

Гэта паліфанічны тэкст, у якім па-майстэрску спалучаюцца авангардныя літаратурныя тэхнікі і рысы постмадэрнізму. Агулам, «Зіма Гюнтэра» не згубіла сваёй актуальнасці нават праз траціну стагоддзя і будзе цікавым адкрыццём для беларускіх чытачоў.

Прэзентацыю беларускага пераклада рамана пройдзе 8 чэрвеня а 19.00 у галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (Незалежнасці 37а).

Наша Ніва