20 чэрвеня – уручэнне прэміі імя Васіля Быкава. Як патрапіць?

Імпрэза, якую будзе весці акцёр, вядучы “Падарожжаў дылетанта” Юрый Жыгамонт, адбудзецца на малой радзіме пісьменніка – у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

У праграме – уласна ўшанаванне сёлетняга лаўрэата, імя якога будзе трымацца ў сакрэце да самай цырымоніі; канцэртны выступ музыкі, аднаго з лаўрэатаў прэміі Лявона Вольскага; сяброўская бяседа ў дворыку былой школы Быкава.

Цырымонія ўручэння прэміі “За свабоду думкі” пачнецца 20 чэрвеня, у суботу, а 15-й гадзіне. Ад’езд ў Бычкі з Мінска аўтобусамі ад уваходу ў Батанічны сад каля дома № 80 па праспекце Незалежнасці аб 11.30.

Што патрэбна для таго, каб узяць удзел у мерапрыемстве?

Усяго толькі запоўніць караценькую форму ТУТ і завітаць у любы дзень да пятніцы ўключна ад 11 да 19 гадзін у офіс Руху “За Свабоду” (Мінск, пр-т Незалежнасці, 80-73) па запрашальнік і адмысловы буклет, якія стануць своеасаблівым квітком на аўтобус. Сімвалічны ўнёсак для ўдзелу – 50 тысяч рублёў на арганізацыйныя выдаткі.

Даведкава:

Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” ў 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Аляксандрам Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент.

Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.

Лаўрэатамі прэміі мінулымі гадамі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, акцёр Віктар Шалкевіч.

“Лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” вызначае не Рух “За Свабоду”, а выбітныя людзi Беларусi. Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб’ектыўным”, - кажа старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

рух.by