Навіны

каб ты абудзіўся маўклівым
у руках нерухомасьці
ў сэрцы рэчы

Збігнеў Гербэрт. Строфы пантэіста
(пераклад Андрэя Хадановіча)


У гэтым тэксце не будзе цытат, разбору “мастацкіх сродкаў” і іншых атрыбутаў рэцэнзіі. Таму што гэта не рэцэнзія. Гэта канстатацыя выключнасці таго, што стварыў Ілля Сін.

А яшчэ таму, што прэпарацыя матылька тлумачыць яго будову, забіваючы. А я хачу распавесці пра палёт.

 

Пісьменнікі, а перад імі – воінства бардаў, друідаў ды іншых адвеку біліся над адной звышзадачай: узнавіць жыццё. Зразумець свет, яго законы, а потым – стварыць свой. Дэміургі і сізіфы адначасова.

Як у матэрыяльнай мадэлі Сусвету існуе базон Хігса, “часціца бога”, так і ў мастацтве ёсць няўлоўная часціца, без якой – ніяк, а ўхапіць – немагчыма (асабліва сачком літаратуразнаўства). Адзінае, што застаецца – адчуваць.

Прысутнасць гэтай часціцы змяняе ўсё. Нагрувашчванні словаў робяцца жывым творам. Гэты твор дыхае, пульсуе, змяняе светапачуванне чытача.

“Libido” Іллі Сіна – якраз такі твор.

*

Любы матэрыял, які выкарыстоўвае мастак, – толькі сродак стварэння абалонкі для ўнутранага агню. Не больш. Геніяльнасць Ван Гога не ў тым, як ён кладзе фарбы. А ў тым, што пакладзеныя фарбы пакінулі па сабе, што паміж імі. Не ў саміх словах, напісаных Вірджыніяй Вулф, але ў той прасторы, якую яны стварылі. Не ў нотах, якіх усяго сем штук, але ў канструкцыі, якую яны будуюць, каб зафіксаваць стан, эмоцыю, libido.

Спрабуючы знайсці для сябе адказ датычна таго, што такое мастацтва, я прыйшла да метафары з гаршчкамі. Калі чалавек адкрыў для сябе агонь (libido, сіла мастацтва – называйце як хочаце), ён задаўся мэтай захаваць яго. Ён зляпіў гаршчок.

Іншыя людзі сталі рабіць тое ж. Каб захаваць і перадаць агонь, яны ляпілі гаршчкі, і справа гэтая стала абрастаць рознага кшталту ўскладненнямі. Гаршчкі займелі мноства відаў, канфігурацый і калібраў (жанры); іх сталі ўпрыгожваць арнаментамі, малюнкамі, фарбаваць ва ўсе колеры вясёлкі (стылі); іх ляпілі з розных відаў гліны ды іншых матэрыялаў (мовы). Дайшло да таго, што гаршчкамі сталі мерацца як паказальнікамі ўмельства. Спаборнічалі ў колькасці і вынаходлівасці.

І ў нейкі момант забыліся, што галоўнае – агонь, а не глінянае чарэп’е.

“Libido” – вяртанне таго самага агню.

У працяг метафары, некаторыя з апошніх водгукаў на кнігу Сіна бачацца мне гарачымі, безумоўна шчырымі, але бессэнсоўнымі па сваёй сутнасці развагамі гаршэчнікаў.

*

Назва кнігі – гульня вышэйшага парадку. Яна не толькі азначае змест твора – жыццё, разбітае на кропкі быцця. Застылае ў часавых адрэзках, як жамяра ў бурштыне. Сам твор і ёсць увасабленне libido.

Словы “жыццё” і “застылае” кепска між сабой стасуюцца, гэта праўда. Але дакладнае апісанне паасобных момантаў, станаў герояў, іх грубых ці вострых рэплік, звыклых прадметаў – найлепшы метад, які толькі мог абраць аўтар. Узяць кіно: гэта рух, аднак створаны ён шэрагам застылых, “мёртвых” карцінак-кадраў.

У аснове кнігі – жыццяпіс Марыі, былой порнаакторкі. Гандаль целам пры жывой душы прыводзіць да таго, што абясцэньваецца не толькі ўласнае Я, але ўвогуле – матэрыяльнасць свету. Закон аб усепераможным святле і справядлівасці адпрэчаны. Калі мажліва такое, а неба на зямлю не падае, у чым праўда? Як жыць?

А праўда ў самім жыцці.

Галоўны чытач Беларусі неяк бедаваў, што ў нас няма “Вайны і міру”. Хто можа, перадайце яму, калі ласка, што турбавацца з гэтай нагоды больш не трэба.

*

Словы ў тэксце Сіна працуюць як кропкі каардынатаў: чытаць трэба не іх, а прастору, якую яны акрэсліваюць. Гэта літаратура самага высокага кшталту: яна не проста апісвае жыццё, але мадэлюе яго. Якім чынам аўтар дасягнуў такога эфекту, я не ведаю. Я не ўпэўненая нават, што ён разумее, наколькі важную рэч стварыў.

Не раз казалі, што першакрыніцай для гісторыі Марыі стала “Жыціе Марыі Егіпецкай”. Аўтар хацеў стварыць своеасаблівы “рэмейк” пісання. Марыя Егіпецкая – хрысціянская святая, заступніца жанчын, якія каюцца, а шырэй – усіх, хто дасягнуў дна і цяпер хоча ад яго адштурхнуцца.

Але ўсё гэта аказалася няважным. То бок, гэта мела значэнне напачатку, калі твор толькі задумваўся, бо давала аўтару першасны алгартым для дзеяння. Інструкцыю лепкі гаршчка. Але вынік аказаўся больш важным за схему. Калі б Сін адкінуў першакрыніцу, не стаў пісаць заключны раздзел з выкупленнем Марыяй грахоў (перанараджэннем) і “Малітву…” (якая, у прынцыпе, вытлумачае ўсю кнігу, з’яўляецца сціслым ідэйным пераказам у паэтычнай форме) – дык вось, калі б нічога гэтага не было, а засталіся толькі блуканні Марыі па мёртвым горадзе і сцэнкі з жыццяў суседзяў-самнамбулаў, мастацтва нікуды б не знікла.

Прызнацца, “Малітва…” мяне нават засмуціла. Так, трошачку. Як ключык да куфра, які ты мог і хацеў адкрыць без ключа.

*

Чаму Сін абраў хрысціянскі канцэпт для вырашэння пытання чалавечага быцця? Бо гэта светапогляд аўтара.

Чаму звярнуўся да вобразу грэшнай Марыі? Вось тут цікавей. Як казаў Флабэр, “мадам Бавары – гэта я”. Не ў тым сэнсе, што грэшніца Марыя – Ілля Сін. Архетыповы вобраз выкуплення граху бачыцца мне адным з прачытанняў анталагічнай праблемы: барацьба матэрыяльнага і духоўнага. Плоцевасць для чалавека – рэальная, яе, груба кажучы, можна памацаць. Але яна мае заканчэнне, то бок гэта рэч апрыёры мёртвая.

Калі так, што трымае прадметы, арганізмы, стыхіі разам? Што не дазваляе сусвету скаціцца да незваротнай энтрапіі? Ёсць невядомая сіла, вышэйшы закон быцця, які трымае раўнавагу. Нехта шукае для яе азначэнне і вытлумачэнне ў рэлігіі. Хрысціянства – толькі адзін з “метадаў” прачытання.

Выкупленне граху ў такім ключы – гэта надзея цела на жыццё ў новым выглядзе, па-за матэрыяй. Марыя адчувае гэтую магчымасць; яна дайшла да разумення ілюзорнасці матэрыі, шукае выйсця на іншы ўзровень. Аддадзенае на здзек цела абвострыла канфлікт, стала каталізатарам. Вобраз Іншага – гэта зусім не чаканне нейкага там рамантычнага каханка; гэта прага дапамогі, чаканне збавіцеля.

Сін, апісваючы мярцвяцкую атмасферу безыменнага, бясконца існага і паўсюднага топасу, здолеў ухапіць гучанне гэтай безыменнай сілы. Яго тэкст спрацаваў як сіло для той самай “часціцы бога”.

І немінуча ўзнікае складанасць: для таго, каб адчуць гэта (аднаго інтэлекту мала, адкуль, уласна, і ўсе канфлікты, датычныя мастацтва), трэба быць “трошку Марыяй”. Трэба быць на адной хвалі з аўтарам. Хоць раз пабываць у памежным стане, пасля якога матэрыяльны свет бачыцца табе дэкарацыяй. (Пра дэкарацыі, дарэчы, Сін таксама не раз згадвае).

*

Гэтая кніга патрабуе часу. Адмысловых наладаў свядомасці і слыху, чуйнага да высокай, пранізлівай частаты. Крытык, у практыцы якога здарылася такая кніга, можа лічыцца шчаслівым.

Наста Грышчук, для lit-bel.org
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------