Дзень памяці Генадзя Бураўкіна

Генадзь Бураўкін у фотапраекце "Першапачатак". 2013
30 мая 2014 года адышоў з гэтага свету выбітны паэт, грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. Смуткуем, памятаем, слухаем песні на вершы Паэта, перачытваем яго радкі -- кранальныя, мілагучныя, блізкія і зразумелыя кожнаму беларусу.

Генадзь Бураўкін

***
Абцалую цябе,
Абшапчу,
Адагрэю,
Не пушчу ні на міг
У сівую зіму.
Над вяршынямі сосен,
Над вольным палётам барэю
На далонях прызнання
Да Бога самога ўзніму.

Я не дам табе слова сказаць –
Я ўсе іх разгадаю.
Я на вуснах тваіх
Прачытаю найлепшы свой верш.
Над шляхамі і снамі,
Над песнямі і над гадамі
Ты,
Як месячык ясны,
У казку маю паплывеш.

А на грэшнай зямлі
Мы прысядзем пад яблыняй белай, -
Я ўсе кветкі і травы
Пакладу табе моўчкі да ног,
Ад нязнанага шчасця,
Ад удачы сваёй захмялелы,
Малады і наіўны,
І твой раб,
І твой бог...

***

Я хачу прайсці па зямлі
Самым верным, любімым сынам.
Каб дарогі мяне вялі
Пад вятрамі прасторам сінім,
  
Каб нямоўчна ў мяне на плячах
Росным раннем спявалі птушкі,
Каб я кветкамі ўсімі прапах
Ад падэшваў да самай макушкі,
  
Каб легенды глухой сівізны
Мне з даверам дубы шапталі
I крыніц залатыя званы
Для мяне калыхалі хвалі.
  
Я хачу прайсці па зямлі,
Каб мне людзі сэрца адкрылі,
Слёзы шчасця і мазалі
Па-братэрску са мной падзялілі,
  
Каб мне роўную частку далі
Сваёй ношы нялёгкай пранесці
I свае галасы ўплялі
У мае няхітрыя песні...

***

Калі прайшоў ты і агонь, і смог,
Смак працы ўведаў і ад славы збег,
Кахаў жанчын, піў асалоду кніг —
He думай, што ты ўсё ў жыцці спасціг.
  
Галоўны страх і горычы глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток...
  
Калі адчуў ты, як мінае час,
Як менее ў душы вясны запас,
Як многа значыць кожны дзень і міг –
He думай, што цану жыцця спасціг.
  
Галоўны сэнс і мудрасці глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток...
  
Калі ж, яшчэ не верачы бядзе,
Твой самы блізкі сябар упадзе
I пераступіць чорны той рубеж,
А ты ў бяссіллі неба праклянеш
I зразумееш беззваротнасць страт,
Тады лічы, што ты мудрэеш, брат,
Тады табе адкрыецца спаўна
Жыцця неверагодная цана...

Гл. таксама: Беларусь развіталася з Генадзем Бураўкіным
Дзень памяці Генадзя Бураўкіна


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"