“Дзеяслоўскія” сустрэчы ў Салігорску

Першы выступ адбыўся ў гімназіі №3. На сустрэчу з сябрамі рэдакцыі “Дзеяслова” прыйшлі гімназісты-старшакласнікі. Госці распавялі пра дзейнасць старэйшай творчай арганізацыі Беларусі – Саюза беларускіх пісьменнікаў, правялі віктарыну, з якой навучэнцы даведаліся шэраг цікавых фактаў з гісторыі “Дзеяслова”, пачыталі свае творы.

Пасля выступу адбылася экскурсія па музеі народных рамёстваў, якую зладзілі гімназісты на чале з кіраўнічкай музея Кашаед Зінаідай Мікалаеўнай. У асноўным фондзе гэтага унікальнага музея знаходзіцца каля чатырохсот экспанатаў, кожны з якіх мае свой лёс: адны прынеслі ў падарунак жыхары Салігорска, другія дзеці сабралі ў этнаграфічных экспедыцыях. Але большасць экспанатаў зрабілі самі навучэнцы гімназіі, захаваўшы найлепшыя традыцый народных майстроў.
Увечары “дзеяслоўцы” наведалі мясцовыя курсы “Мова Нанова”, якія ладзяцца шточацвер у клубе “Фэст”.
Ул. інф., фота Таццяны Шуманскай і Макса Рэўта