"Дзяржаўны суверэнітэт — непарушны прынцып": МЗС адказала Радзе Саюза беларускіх пісьменнікаў
Дата публікацыі: 15.01.2020
3878

Ведамства Уладзіміра Макея запэўнівае літаратараў, што "праца над адноўленай Праграмай дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і "дарожнымі картамі"" вядзецца "перш за ўсё, для забеспячэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання дзвюх краін". Акрамя таго, сцвярджаецца, што адносіны з Расіяй "будуюцца з улікам нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь".
"Дзяржаўны суверэнітэт — непарушны прынцып у рэалізацыі знешнепалітычнага курсу Рэспублікі Беларусь у адносінах з усімі без выключэння дзяржавамі, у тым ліку ў рамках міждзяржаўных аб'яднанняў", — падкрэслівае Міністэрства замежных спраў.
Нагадваем, што 24 снежня Рада ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" прыняла заяву, у якой звярнулася да беларускіх уладаў "з заклікам адкрыта і афіцыйна заявіць пра сваю вернасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынцыпам суверэнітэту, каб раз і назаўсёды зняць усе размовы пра магчымае ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі, пра адмову ад падпісання прапанаваных Расіяй так званых “дарожных картаў” аб адзіным эмісійным цэнтры і стварэнні наднацыянальных органаў ды іншых прыдуманых пуцінскай адміністрацыяй прыхаваных спосабаў аншлюсу Беларусі. Мы патрабуем, каб усе дакументы дзяржаўнай важнасці абмяркоўваліся адкрыта і з удзелам грамадскасці".
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"