Еўрапейская Пісьменніцкая Рада ў Мінску: дзень другі

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, перакладчыца Наста Лабада, прэзідэнт Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады Гунар Ардэліус
Другі дзень працы Генеральнай асамблеі Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады (European Writers' Council) распачаўся з дыялогу старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыса Пятровіча (Сачанкі) з прэзідэнтам EWC Гунарам Ардэліусам.

У гутарцы, да якой далучыліся ўсе прысутныя замежныя ўдзельнікі кангрэсу, закраналіся пытанні аўтарскага права ў Беларусі, статусу пісьменніка і становішча беларускай мовы ў нашай краіне, кнігавыдавецкая справа, наладжванне міжкультурнага супрацоўніцтва і ўзаемныя пераклады мастацкай літаратуры і падобнае.

Саюз беларускіх пісьменнікаў прадставіў гасцям зборнік-білінгву "Зацішша не было: Беларуская паэзія новай генерацыі" -- пераклады сучаснай беларускай паэзіі на англійскую мову -- укладальнікам і аўтарам прадмовы якога стаў крытык Ціхан Чарнякевіч. У брашуру ўвайшлі вершы 9 паэтаў і паэтак 1980-х гадоў нараджэння, што прэзентуюць, па словах спадара Ціхана, "пакаленне антыманіфесту" ў беларускай літаратуры. 

Са сваімі вершамі ў арыгінале і ў перакладзе выступілі пяцёра маладзёнаў: Ганна Комар, Наста Кудасава, Таццяна Нядбай, Віталь Рыжкоў, Віка Трэнас. Яшчэ чацвёрка, якая ўвайшла ў кнігу: Андрэй Адамовіч, Ірына Бельская, Марыя Мартысевіч, Вальжына Морт.  

Тэксты на англійскую мову для зборніка перастварылі: ужо згаданыя Ганна Комар і Вальжына Морт, Хілары Шырз, рэдагаваў пераклады Джым Дынглі.

Кожны з удзельнікаў асамблеі атрымаў новы зборнік у падарунак.

Пра першы дзень чытайце ТУТ
      Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"