Эдуард Акулін: Часам мы адчуваем сябе літаратурнымі Калумбамі

Эдуард Акулін - імя добра вядомае ў сучаснай беларускай літаратуры. Ён — папулярны паэт, перакладчык, бард, аўтар шматлікіх публікацый у рэспубліканскім друку, удзельнік многіх песенных і паэтычных фестываляў. Сёння Акулін - госць студыі Радыё Рацыя.

Наведаў Беласток Эдуард Акулін па запрашэнні Аб’яднання бацькоў “АББА”

РР. Ці часта здараюцца такія нагоды каб сустрэцца са школьнікамі, з бацькамі школьнікаў у Беларусі?

- Даволі часта. Цягам апошніх трох гадоў такіх сустрэч у маім творчым лёсе больш за 300. І гэта вельмі прыемна, бо такія сустрэчы неабходныя. На мінулым тыдні разам з маім сябрам, паэтам Леанідам Дранько-Майсюком мы наведалі дзве літаратурныя мясціны: радзіму Якуба Коласа – выступалі ў Мікалаеўшчыне і радзінныя мясціны Адама Міцкевіча. Выступалі на Наваградчынне ў Любчанскай сярэдняй школе і ў школе Вялікія Вераб’евічы. Часам падчас такіх сустрэчаў мы адчуваем сябе сапраўднымі Калумбамі літаратурнымі: бо нас, жывых паэтаў, у такіх аддаленых мясцінах ніколі не бачылі.

РР: Як успрымаюць дзеці ў Беларусі такія сустрэчы і чаго вы чакаеце ад сённяшняй сустрэчы?

- Вельмі хораша. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што беларуская паэзія, беларускае слова запатрабаваныя, што б пра гэта нам не казалі. А сведчаннем таго, што гэта патрэбна і што такія сустрэчы неабходныя і нам пісьменнікам і настаўнікам, што працуюць у школе і вучням, з’яўляецца актыўны ўдзел вучняў у такіх сустрэчах: яны задаюць пытанні, чытаюць вершы калі мы іх просім, спяваюць песні.

РР: З 2009 года вы з’яўляецеся галоўным рэдактарам часопіса “Верасень”, які скіраваны пераважна на маладых літаратараў. Існуе стэрэатып, што беларуская літаратура гэта “патрыярхі”, людзі старэйшага ўзросту. Ці шмат сёння маладых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў?

- Я б сказаў больш: ёсць такі стэрэатып, што беларускай літаратуры наогул сёння няма. Я хацеў бы згадаць тут словы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, што праўда адрасаваныя Ўладзіміру Някляеву. “Беларуская літаратура як Амерыка, якую яшчэ трэба адкрываць, і Калумб-адкрывальнік расце”. Часопіс верасень з’явіўся сапраўды вельмі нядаўна, як выданне для маладых літаратараў і гэтых літаратараў вельмі шмат. Выйшлі тры нумары і ў гэтых нумарах мы паспелі надрукаваць каля 90 маладых аўтараў, але творчая канцэпцыя гэтага выдання такая, што побач з маладымі мы друкуем таксама “майстраў слова”, дзеля таго каб маладыя маглі браць урокі творчага майстэрства. Пачынаючы ад першага нумару аўтарамі часопіса з’яўляюцца і той жа Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч і Анатоль Вярцінскі і Сяргей Законнікаў і Ўладзімір Някляеў.

РР: Рыхтуецца да выдання 4-ты нумар часопіса. Можаце прыадкрыць таямніцу: каго мы там пабачым?

- Нумар ужо амаль сфармаваны і зноў жа гэта будуць маладыя паэты: каля дзясятка маладых паэтаў. Свае публікацыі нам прапанавалі і майстры слова: той жа самы Васіль Зуёнак, і незвычайнае інтэрв’ю, паэтычнае з Уладзімерам Някляевым: там Валярына Кустава задае пытанне а адказамі з’яўляюцца фрагменты ягоных вершаў. Таксама рыхтуецца ўнікальны матэр’ял, які павінен выклікаць фурор: зусім нядаўна адшукаўся невядомы, нявыдадзены зборнік паэзіі Анатоля Сыса, які называецца “Берагі майго юнацтва”і вось рэшта вершаў з гэтага зборніка з прадмовай Алеся Бяляцкага, з якім мы адшукалі рукапіс, будзе друкавацца ў 4-м нумары часопіса “Верасень”. Нумар выйдзе ў свет недзе ў ліпені.

new.racyja.com