Эдуард Акулін адзначае 50-годдзе. Віншуем!

7 студзеня спаўняецца 50 гадоў беларускаму паэту, перакладчыку, аўтару і выканаўцу ўласных песень Эдуарду Акуліну. Шаноўны Эдуард Аляксандравіч! Сардэчна віншуем Вас з юбілеем, зычым моцнага здароўя, плёну, бадзёрасці і натхнёнасці ў справах, дабрабыту. Жадаем, каб дарагія Вашаму сэрцу людзі заўжды былі побач, і ў штодзённасці заўсёды знаходзілася месца для мараў, шанцавання, шчаслівых падзей і, безумоўна, для новых творчых пошукаў і здзяйсненняў!    

Эдуард Акулін нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў вёсцы Вялікія Нямкі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Філолаг, скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (гісторыка-філалагічны факультэт), пазней – аспірантуру Інстытута літаратуры НАН Беларусі. Настаўнічаў (1984-1990), загадваў філіялам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча “Беларуская хатка” (1990-2001), працаваў у часопісах “Першацвет”, “Полымя”. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1992 года.

Цяпер – заснавальнік і галоўны рэдактар маладзёвага літаратурнага часопіса “Верасень”, намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Пісаць пачаў у школьныя гады, дэбютаваў з вершам “Бесядзь” у 1979 годзе ў часопісе “Бярозка”. Пазней пабачылі свет зборнікі паэзіі “Пяшчота ліўня”, “Крыло анёла”, “Радно”, “Непрычалены човен”, “Вітражы” ды іншыя, у тым ліку – кніга “Малітва воч”, якая выдадзеная напярэдадні юбілею Эдуарда Аляксандравіча і прэзентаваная на святочнай вечарыне ў мінскім Палацы мастацтва разам з кампакт-дыскам “Не магу жыць без крыл…”

Спадар Эдуард вядомы як яркі прадстаўнік беларускамоўнай аўтарскай песні. Паэт, прыхільнік класічнага вершавання, працягвае і развівае традыцыі нацыянальнай літаратуры пачатку мінулага стагоддзя – адраджэнскай пары, калі асаблівая ўвага была звернута на спеўнасць і мілагучнасць нашай мовы, якую без перабольшання можна назваць мовай паэзіі. Эдуард Акулін ужо шмат гадоў паспяхова выступае з акустычнымі канцэртамі па ўсёй Беларусі, а выхад кожнага альбома становіцца запамінальнай падзеяй для аматараў бардаўскай песні.

Пісьменнік і кампазітар Мікола Яцкоў, які ўзначальвае Магілёўскае абласное аддзяленне СБП, далучаецца да віншаванняў Эдуарда з 50-годдзем і распавядае, што якраз да свята ім былі падрыхтаваны і выдадзены два зборнікі песень на вершы спадара Акуліна — “Мае сны без цябе пустыя”  і “Непрычалены човен”. 

 — У зборнік “Мае сны без цябе пустыя” ўвайшло шаснаццаць песень. Творы Эдуарда заўжды вызначаюцца пранікнёным лірызмам, тонкім гукапісам, абвостраным адчуваннем глыбінь чалавечых пачуццяў, у падмурку якіх невычэрпны і рэльефны меладызм. Усё гэта прыцягнула маю ўвагу, я ўслухаўся ў гучанне паэтычных радкоў і паклаў пачутыя мелодыі на нотныя аркушы, — дзеліцца ўражаннямі Мікола Яцкоў і дадае:

 — Пагартаў старонкі кнігі Эдуарда Акуліна “Непрычалены човен” — і дваццаць вершаў адразу ператварыліся ў песні. І ўзляцелі яны легкакрыла ў родную прастору — каб несці нам прыгажосць і спагаду, і каб непрычалены акулінскі човен абавязкова даплыў да кожнага ўдзячнага беларускага сэрца.

 

Прэсавая служба СБП, фота Эдуарда Акуліна budzma.org

Выказваем падзяку Міколу Яцкову і Магілёўскаму аддзяленню СБП