Эдуард Акулін атрымаў “Гліняны Вялес” за кнігу “Святая ноч”

Звычайна ўручэнне ўзнагароды адбываецца ў Полацку, дзе прэмія і была заснаваная "Таварыствам вольных літаратараў".

Аднак зараз цырымонія адбылася ў Менску:

- Эдуарда Акуліна я ведаю з канца 80-х гадоў. Мы разам былі ў літаратурным аб’яднанні “Тутэйшыя”. Гэта паэт з Гомельшчыны. Для мяне паэзія Акуліна абсалютна зразумелая і блізкая.

Таму было няцяжка вызначыць вартасці і каштоўнасці гэтай паэзіі і ўганараваць яе, - кажа Алесь Аркуш. А вось для Эдуарда Акуліна "Гліняны Вялес" стаў нечаканасцю:

- Я думаў, што сённяшнім лаўрэатам стане Вінцэсь Мудроў. Але, калі так атрымалася, я вельмі рады. Гэтая прэмія для мяне своечасовая, бо калі бы я атрымаў гэтую прэмію раней за Віктара Казько, раней за Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Алега Мінкіна, то ў адносінах да гэтых цудоўных творцаў, я палічыў бы гэта несправядлівасцю.

“А так усё прыйшло па чарзе”, - лічыць Эдуард Акулін.

На цырымоніі ўручэння узнагароды выступілі паэты Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько- Майсюк, Славамір Адамовіч, музыкант Вольга Акуліч.

Як кажа сёлетні лаўрэат, для яго гэтае вылучэнне стала нечаканым, бо ён не прэтэндуе на аніякія прэміі, але тым не менш гэта прыемная адзнака творчай працы:

Паэзія ствараецца не для таго, каб яе ўганароўвалі нейкімі прэміямі, а каб зразумець самога сябе, зразумець навакольны свет, пазнаць хараство. Але так атрымалася, што мая кніга “Святая ноч” – дарэчы, гэта выбраны том маёй паэзіі – атрымала гэтую прэмію, то такая навіна стала для мяне прыемнасцю. Тым больш мне падабаецца сама гэтая прэмія, якая пазбаўлена нейкай такой свецкай пазалоты.

Сярод сёлетніх намінантаў на прэмію “Гліняны Вялес” толькі кніга Акуліна прадстаўляла беларускую паэзію, астатнія чатыры прэтэндэнты намінаваліся з празаічнымі творамі. Пра выбар кнігі Эдуарда Акуліна кажа ініцыятар уручэння прэміі Алесь Аркуш:

Ён нядаўна адзначаў сваё 50-годдзе. Гэтая кніжка выйшла з нагоды яго юбілею. Ну, а па-другое, мы яшчэ хацелі адзначыць ягоную грамадска-папулярызатаркую дзейнасць. Разам з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком яны вандруюць па ўсёй Беларусі. Напэўна, няма ніводнага раёна Беларусі, дзе б яны не зладзілі сустрэчу з вучнямі, настаўнікамі.

“Гліняны Вялес” быў заснаваны ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду - гліняны стод апекуна мастацтва.

Генадзь Барбарыч, Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя