“Экскурсію” па “Сутарэннях Ромула” правядзе Людміла Рублеўская ў Горадні

Усім аматарам літаратуры ў Горадні ўвага! З прэзентацыяй сваёй апошняй кнігі “Сутарэнні Ромула” да вас едзе Людміла Рублеўская. Кніга змяшчае два гістарычна-дэтэктыўныя раманы, уласна “Сутарэнні Ромула” і “Забіць нягодніка, альбо гульня ў Альбарутэнію”.

На мінскай прэзентацыі кнігі пісьменніца расказала, што “беларуская гісторыя — гэта скарбніца, з якой можна браць сюжэты і для сусветнай літаратуры. За кожным героем рамана “Забіць нягодніка, альбо гульня ў Альбарутэнію” стаіць рэальны чалавек. Часам сюжэты нараджаюцца з рэальных падзей”.

Зараз гарадзенцы змогуць наўпрост запытацца ў аўтаркі пра тое, якія менавіта людзі і падзеі натхнілі яе на інтрыгоўныя сюжэты “Сутарэнняў Ромула”.
 
Людміла Рублеўская раскажа пра свой раман, пачытае урыўкі з яго і вершы, а таксама адкажа на пытанні наведнікаў.

Музычную частку вечарыны забяспечыць бард Алесь Камоцкі.

Імпрэза пройдзе 13-га кастрычніка а 14-й у арт-галерэі “Крыга” па адрасе вул. Савецкая, 3-11.


Прэсавая служба СБП