"Экслібрыс" гістарычны: інтэрв'ю з сябрам журы Анатолем Сідарэвічам

Анатоль Сідарэвіч. Фота Радыё Свабода

Сёлета "Экслібрыс" прысвечаны 100-годдзю БНР, і тэматыка твораў, якіх чакае журы ад маладых аўтараў -- гістарычная. Нагадаем, што дэдлайн конкурсу -- 1 жніўня. І пакуль будучыя ўдзельнікі працягваюць працаваць над творамі, прапануем вашай увазе некалькі парад ад дасведчанага літаратурнага крытыка, гісторыка і публіцыста, сябра журы "Экслібрыса" Анатоля Сідарэвіча.

Галоўная парада ад вас для ўдзельнікаў "Экслібрыса", што спрабуюць сябе ў гістарычнай тэматыцы, -- якая яна?

Якую б параду я ні даў, аўтары, які ўзяліся пісаць творы, усё роўна будуць кіравацца не імі або не зусім імі. Як толькі ты прадумаў фабулу, стварыў у думках вобразы герояў і антыгерояў, прыдумаў ім біяграфіі, выбудаваў антураж і геаграфію дзеяння – табою кіруе ўся гэтая матэрыя. Праўда, тым, хто піша на гістарычныя тэмы, можна ўсё ж параіць ужывацца ў час, пра які яны пішуць, у яго лексіку, спосабы выказвання думак, звычаі. Вельмі важна ведаць матэрыяльны і духоўныя бакі жыцця людзей таго часу, пра які ты пішаш.  

Як вывучэнне гісторыі змяніла асабіста вас і ваш светапогляд?

Гледзячы што разумець пад светапоглядам. На маю думку, светапогляд – гэта ўяўленні чалавека аб першапрычыне свету і канцавой мэце гісторыі. Гэта сфера філасофіі і рэлігіі. На светапогляд у такім разуменні ўздзейнічае шмат чыннікаў, не толькі вывучэнне гісторыі.

Вывучэнне гісторыі можа паўплываць на грамадзянскую пазіцыю чалавека. У маім выпадку вывучэнне гісторыі маёй краіны толькі ўмацавала маю беларускасць. Зноў жа, я не магу сказаць, адкуль узялася мая беларускасць і чаму я не адыходзіў ад яе. З 6-га класа я вучыўся ў школах з рускай мовай навучання, але гэта аніяк не паўплывала на мяне. 15-гадовым падлеткам я стаў пісаць па-беларуску, а не па-руску.

Вывучэнне гісторыі ўмацавала маю прыхільнасць да дэмакратыі, а дакладней да сацыяльнай дэмакратыі. Я пэўны час не разумеў, што пад выглядам марксізму мне падносяць ленінізм. Чым больш я чытаў Маркса і Энгельса ды іх паслядоўнікаў, асабліва заходніх, тым больш пераконваўся, што Ленін і Сталін звузілі, збяднілі марксізм. Як гісторык я ніколі не забываю, што Іван і Антон Луцкевічы, Цётка, Язэп Лёсік, Аркадзь Смоліч ды іншыя выдатныя беларусы былі сацыял-дэмакратамі, марксістамі. Акт 25 Сакавіка ініцыявалі Луцкевічы.

На ваш погляд, чаго не хапае беларускім гістарычным прозе і паэзіі зараз?

Калі казаць праўду, я з пэўнага часу ўсё меней чытаю гістарычную прозу і паэзію. Гэта ў савецкі час, калі навуковая дзейнасць была абмежавана тэматычна, гістарычная проза і паэзія, творы Уладзіміра Караткевіча, Кастуся Тарасава, Вольгі Іпатавай, Леаніда Дайнекі, Міколы Арочкі, Янкі Сіпакова, Уладзіміра Арлова пэўным чынам кампенсавалі адсутнасць навуковых трактатаў і навукова-папулярных публікацыяў пра эпохі Ефрасінні і Уладзіміра Полацкіх, Ягайлы і Вітаўта, Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, Канстанціна Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. Больш абмежаваныя ў сваёй творчасці былі тыя, хто пісаў пра пачаткі беларускага руху: Лідзія Арабей, Валянціна Коўтун, Эрнест Ялугін… Але і іх творы ў пэўнай меры спаталялі голад.

Акрамя публікацыяў крыніц, акрамя даследчыцкіх публікацыяў, мяне цікавяць публікацыі на мяжы гістарыяграфіі і літаратуры, прысвечаныя постацям нашай гісторыі і культуры. Тут варта нагадаць імёны Расціслава Платонава, Уладзіміра Міхнюка, Віталя Скалабана і тых, хто працягвае іх справу: Андрэя Вашкевіча, Наталлі Гардзіенкі, Аляксандра Пашкевіча, Андрэя Чарнякевіча, Лявона Юрэвіча. Нельга не згадаць Леаніда Дранько-Майсюка, які сваімі публікацыямі абверг міфы вакол Максіма Танка, якія навыдумлялі ў савецкі час Калеснік, Арочка ды іншыя. І таксама кнігі, якія выдавецтва “Лімарыус” выпускае ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”. У гэтай серыі адзін Міхась Скобла падрыхтаваў тамы, прысвечаныя Зосьцы Верас, Ларысе Геніюш, Міхасю Стральцову і Мікалаю Улашчыку (апошні з гэтых тамоў – разам з Аляксеем Каўкам). Кнігай пра Уладзіміра Дубоўку парадавала Ганна Севярынец, а яшчэ – грунтоўным томам твораў Алеся Дудара. Калі быць карэктным, то і біяграфічны альманах “Асоба і час”, які таксама выходзіць у “Лімарыусе”, грэх не згадаць. Сёлета кніжкаю А. Вашкевіча пра айца Вінцэнта Гадлеўскага выдавецтва А. Янушкевіча запачаткавала серыю “Беларускія жыццяпісы”. Вельмі спадзяюся, што ў гэтай серыі выйдзе не адна кніга. І прашу прабачэння ў тых, чые публікацыі ў гэты момант я не ўспомніў.


Што патрэбна ведаць маладому аўтару, які вырашыў напісаць твор на гістарычную тэматыку ўпершыню? Праз якія этапы яму давядзецца прайсці?

Перш-наперш трэба ведаць час, пра які ты пішаш, яго духоўную і матэрыяльную культуру. І ўжыцца ў той час, увайсці ў яго душою. А для гэтага трэба шмат чытаць.

Чаго вы чакаеце як крытык і сябра журы ад аўтараў, чые творы вы будзеце ацэньваць? Ці ёсць у вас ужо цяпер пэўны набор крытэраў?

Я чакаю неспадзяванку – тое, што ўразіць і прымусіць мяне пляскаць у ладкі. Крытэры? Захаванне прынцыпу гістарызму. Мова герояў, звычаі і паводзіны адпавядаюць часу, у якім яны жывуць. Мова аўтара мілагучная. Бездакорны сінтаксіс.

Распавядзіце, калі ласка, цікавую гісторыю з вашай працы з творамі – як аўтара або крытыка.

У свой час я апублікаваў два тэксты пра двух чалавек, жыццё і дзейнасць якіх вывучыў недастаткова. Першы тэкст – пра Вацлава Ластоўскага – для часопіса “Нёман” мяне ўгаварыў напісаць Сяргей Дубавец. Другі тэкст быў прысвечаны асобе айца Адама Станкевіча. Ужо не памятаю, хто мне яго замовіў для “Хрысціянскай думкі”. Цяпер, калі я ведаю і пра Ластоўскага, і пра Станкевіча вельмі і вельмі нямала, я б пісаў гэтыя тэксты зусім інакш, не ствараючы “светлыя вобразы”, або не пісаў бы зусім: па часе, па меры заглыблення ў матэрыял, я магу сказаць, што яны абодва не мае героі.  За тыя, даўнія, тэксты мне цяпер брыдка. Адсюль выснова: не давярайце першаму ўражанню, не давярайце хваласпевам і, як вучыў Рэнэ Дэкарт, усё прачытанае паддавайце сумненню, звяртайцеся да першакрыніц.

Чакаем на вашыя творы! УМОВЫ КОНКУРСУ ТУТ

Алена Босава


Гл. таксама: "Экслібрыс" гістарычны з Валерым Герасімавым

"Экслібрыс" гістарычны з Вольгай Іпатавай