"Экслібрыс" гістарычны: інтэрв'ю з сябрам журы Вольгай Іпатавай

Штогадовы конкурс "Экслібрыс", на гэты раз прысвечаны гістарычнай тэматыцы, працягваецца -- творы маладых аўтараў і аўтарак прымаюцца да 1 жніўня. А пакуль удзельнікі працуюць над тэкстамі, мы пачынаем традыцыйную серыю інтэрв'ю з сябрамі журы конкурсу. Наш першы суразмоўца -- беларуская пісьменніца і перакладчыца Вольга Іпатава.

Галоўная парада ад вас для ўдзельнікаў "Экслібрыса", што спрабуюць сябе ў гістарычнай тэматыцы -- якая яна?

Галоўная задача пісьменніка -- пісаць цікава, каб чытач сам пасля палез у гістарычныя падручнікі ды дапаможнікі.

На вашу думку, як вывучэнне гісторыі ўплывае на ўспрыманне рэчаіснасці чалавекам?

Калі чалавек жыве не толькі сваім часам, ён як бы набывае дадатковы аб'ём як асоба. Навошта нам, напрыклад, ведаць герояў Старажытнай Грэцыі ці Рыму? Ды таму, што свет для нас пашыраецца, паглыбляецца, мы ўбіраем у сябе пласты старажытнасці і можам ці то браць прыклад з герояў, ці то пагарджаць здраднікамі ў Сярэднявеччы, у час Вялікай Айчыннай вайны -- адным словам, мы ўзбагачаем сваю памяць і ўяўленне “веданнем усіх багаццяў, якія выпрацавала чалавецтва”. Іначай -- для чаго яму ўвогуле працаваць, гэтаму чалавецтву?

Якія тэндэнцыі развіцця гістарычных твораў у Беларусі і ў свеце вы б адзначылі?

Часта бывае, што займальнасць перавышае патрэбную "дозу", і тады няма глыбіні, а ёсць імкненне аўтара ў што б там ні было спадабацца чытачу, а не весці яго за сабой, як бы ў пошуку клада, да якога яшчэ трэба дабрацца і затраціць на гэта пэўны час і працу... Мне здаецца, такая тэндэнцыя ўмацоўвае свае пазіцыі ў сучаснай гістарычнай прозе. Прынамсі, такой мне часам здаецца проза Акуніна... 

Хто з беларускіх аўтараў для вас аўтарытэт у гэтай тэматыцы?

Мне думаецца, што тут няма нікога, хто мог бы параўнацца з Уладзімірам Караткевічам.

Ідэальны сучасны твор гістарычнай тэматыкі, які прыцягнуў бы новыя катэгорыі чытачоў -- які ён?

Твор, які праз глыбіню гісторыі зможа падняць самыя вострыя праблемы сучаснасці. Для мяне раман “Залатая жрыца Ашвінаў” стаў магчымасцю паразважаць, як спалучэнне прыгажосці, розуму і таленавітасці ў жанчыны дае Асобу, якая запальвае сэрцы сучаснікаў натхненнем -- гэтым боскім агнём, які даецца як узнагарода для душы і сэрца.

Чаго вы чакаеце як сябра журы ад аўтараў, чые творы вы будзеце ацэньваць? Ці ёсць у вас ужо цяпер пэўны набор крытэраў?

Перш за ўсё чакаю добрай беларускай прозы, умення не толькі "закруціць" сюжэт, але і так званага "прыгожага пісьменства", калі чытаць -- ужо задавальненне.

Гутарыла Алена Босава, для lit-bel.org