Эксперт па продажах: “Вокладкі кніг Барадуліна, Лянкевіча і Оаро аформленыя правільна”

У межах семінара спадар Улеман расказаў пра тое, на якія сегменты падзяляецца нямецкі кніжны рынак і як працуюць выдавецтвы з чытачамі. Для тых, хто выдае і прадае кнігі, існуюць правілы ў афармленні іх вокладак для пэўных чытацкіх аўдыторый, каб кнігу ўзяў у рукі менавіта той, для каго яна напісана.

Ціна Улеман выказаўся і пра вокладкі кніг-навінак, якія выйшлі ў “Кнігарні пісьменніка” ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Паводле яго слоў, крыху пааналізаваць іх яму было цікава, бо сп. Улеман не ведаў, якога кшталту выданне ён трымае ў руках.

Ціна Улеман трымае ў руках кнігу Уладзя Лянкевіча

Вокладку зборніка “70% вады” маладога паэта і музыкі Уладзя Лянкевіча Ціна Улеман ахарактарызаваў як сярэднюю паміж “трэндзі” (арыентаваную на моладзь, якой хочацца чагосьці арыгінальнага і эксклюзіўнага) і “кансерватыўнай”.

“Не мае сэнсу прадаваць яе ў супермаркеце, там яе ніхто не купіць, — сказаў ён. — Гэта складаная кніга, можа быць, нават навукова-папулярная. Цяжка зразумець, пра што яна”.

Магчыма, на такую думку навялі сп. Улемана лічбы на вокладцы. Даведаўшыся пра змест кнігі, Улеман ахарактарызаваў яе як дастаткова правільна аформленую.

Ціна Улеман распавядае пра вокладку кнігі Кацярыны Оаро, побач перакладчыца Вера Дзядок

Вокладку дэбютнай аповесці Кацярыны Оаро “Сарочае радыё”, што расказвае пра жыццё маладой дзяўчыны, якая працуе журналісткай, Улеман таксама знайшоў аформленай правільна, бліжэй да кансерватыўнай аўдыторыі. Падобна, што гэтая вокладка спадабалася яму больш. Малюнак, скарыстаны для афармлення, ён знайшоў адметным і цікавым.

Ціна Улеман з кнігай серыі "Пункт адліку", справа — перакладчыца Вера Дзядок

"Вельмі харошы фармат, хаця серыйнасць кепска чытаецца", — агулам сказаў эксперт пра вокладкі серыі “Пункт адліку”, і параіў скарыстоўваць больш агульных для серыі элементаў афармлення.

Пры перавыданні кнігі “Вушацкі словазбор” Ціна Улеман раіў зрабіць імя яе аўтара нашмат буйнейшым, з улікам таго, што Барадулін — вядомы і любімы беларусамі, і ўсе ягоныя кнігі выклікаюць вялікую цікавасць у чытацкай аўдыторыі. (Наклад “Вушацкага словазбору" імгненна разышоўся цягам некалькіх месяцаў, перавыданне ўжо запланавана).

У цэлым эксперт ахарактарызаваў яе як аформленую кансерватыўна, то бок правільна, як і мусяць афармляцца падобныя
выданні.

Алена Казлова, для lit-bel.org

Фота аўтара