“Элегія палескага матыля” – новая кніга Івана Лагвіновіча

У серыі СБП “Кнігарня пісьменніка” выйшаў зборнік вершаў баранавіцкага паэта Івана Лагвіновіча “Элегія палескага матыля”.

Паэт Іван Лагвіновіч памёр 29 сакавіка 2011 года. У гэтай кнізе змешчаны яго апошні, яшчэ ім самім складзены зборнік “Свечкі трыпутніка”, а таксама два дзясяткі яго найлепшых вершаў, напісаных цягам жыцця.

З анатацыі да кнігі: “Адмысловы лірычны склад мастацкага мыслення і вычування паэта навідавоку.  Шкада, што шырокае кола прыхільнікаў беларускай паэзіі мала ведае пра яго творчы плён. Спадзёмся, што з выхадам гэтай кніжкі самабытны талент Івана Лагвіновіча будзе заўважаны і належна ацэнены”.

Прадмову да кнігу напісаў Анатоль Сідэарвіч, з паслямовай выступіў Леанід Галубовіч.

Іван Піліпавіч Лагвіновіч нарадзіўся 16 студзеня 1940 года на хутары Запрапасць Ганцавіцкага раёна. Пасля школы з’ехаў на працу ў Данбас. З 1992 года жыве ў Баранавічах. Выдаў пры дапамозе грамадскіх арганізацый і за ўласны кошт зборнікі вершаў “Разлукі выраёвыя”, “Піліпаўка”, “Далёкае і блізкае”, “Ляда юдолі”, “Палыновыя кветкі”. З 2000 года быў сябрам творчага згуртавання “Святліца” (Баранавічы). З чэрвеня 2003 года –  сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат Берасцейскай абласной Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2008).

Прэсавая служба СБП