Эва Суса ў беларускай гімназіі №23

Эва Суса не ўпершыню ў Беларусі. Аднойчы яна прыязджала прадстаўляць сваю, можна сказаць, класічную кнігу пра Снежнага чалавека, якая была перакладзеная на беларускую мову. Аднак Мінск настолькі зацікавіў яе, што стаў героем яе адмысловай кнігі. Бадай, упершыню за ўсю гісторыю стасункаў беларускіх літаратараў з заходне-еўрапейскімі, у тым ліку дзіцячых пісьменнікаў і пісьменніц, Беларусь становіцца героем цэлай кнігі вядомага замежнага літаратара. У дадзеным выпадку — літаратаркі.

Сустрэча, арганізаваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў, не была падобнай да астатніх, калі дзеці смірна сядзяць за партамі і слухаюць сур'ёзнага чалавека. Гэта быў незвычайны ўрок пазнавання і творчасці. Спадарыня Эва расказвала паміж іншым, што сам Снежны чалавек, нягледзячы на ўсю сваю ўнушальнасць і выключнасць, не ёсць галоўным героем. Найважнейшая тут іншая гісторыя: чалавек трапляе ў краіну і не ведае мовы. Што яму рабіць? Як сябе паводзіць? Урэшце, нават пры поўным неразуменні, гісторыя можа скончыцца шчасліва.

Акрамя размоваў пра новую кнігу і пытаннняў пра тое, як будзе называцца па-шведску тая ці іншая важная рэч, дзеці, канечне, далучыліся і да творчага баўлення часу. Напярэдадні сустрэчы яны падрыхтавалі дзясяткі малюнкаў, дзе намалявалі Снежнага чалавека ў Мінску так, як яны яго ўяўляюць. А на самой сустрэчы ім крыху дапамагла Кацярына Дубовік, якая падрыхтавала дзесяць сюжэтаў, якія дзецям трэба было дапоўніць.

Вельмі нават не адразу ўдалося спыніць дзяцей, гэтак яны захапіліся дапаўненнямі. Да аднаго з малюнкаў дамалявалі нават і Эву Сусу з Кацярынай Дубовік, якія шпацыруюць па Менску ўтрох са Снежным чалавекам. За сваю натхнёную працу гімназісты і гімназісткі атрымалі салодкія падарункі.

Як апрануць Снежнага чалавека?

Прэзентацыя работы

Аўтограф ад Эвы Суса

Фота на памяць

Урок літаратуры і мастацтва скончыўся хутка. Гімназіі засталіся падпісаныя спадарыняй Эвай і Кацярынай Дубовік кнігі, а дзецям — добры настрой і свежыя ўражанні.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", фота Зарыны Кандрацьевай