Эва Суса ведае ўсё пра Снежнага чалавека — другая прэзентацыя адбылася ў Мінску
Напярэдадні “Снежны чалавек” быў прэзентаваны ў іншай бібліятэцы.
Алеся Башарымава і Эва Суса
— Кожная сустрэча з маленькімі чытачамі праходзіць па-рознаму, — дзеліцца сваім досведам Эва Суса. Наведнікамі гэтай імпрэзы сталі вучні чацвёртых класаў сярэдняй школы.
Спачатку гледачам прапанавалі паглядзець на праектары невялічкі сюжэт, у якім школьнікі мусілі адгадаць, хто з’яўляецца героем кнігі. Ні снегавік, ні Дзед Мароз не падышлі, хаця яны і звязаныя са снегам і зімой. Затое Снежны чалавек, якога пабачылі на экране дзеці, выклікаў у іх вялікую цікавасць.
Спадарыню Эву літаральна “засыпалі” пытаннямі пра тое, дзе жыве Снежны чалавек, чым харчуецца, ці бачыла яго сама пісьменніца, ці выходзіць ён з лесу ў горад, што ён робіць летам… Дзіцячай фантазіі не было мяжы.
Цягам сустрэчы пісьменніца падзялілася ўспамінамі пра сваё дзяцінства: напрыклад, Эва, калі была маленькая, баялася цемры, і яе старэйшы брат увесь час палохаў яе Снежным чалавекам. Вельмі часта згадкі з дзяцінства становяцца штуршком да напісання новай кнігі. Так і са “Снежным чалавекам” — спадарыня Эва хацела апісаць гэтага персанажа і паказаць яго добрым. Героі яе кнігі, браты Макс і Уна, сустрэлі Снежнага чалавека і пасябравалі з ім.
Напрыканцы школьнікі вырашылі, што падрыхтуюць лісты са сваімі пытаннямі, якіх засталося яшчэ вельмі многа, і перададуць іх спадарыні Эве ў Швецыю да дня народзінаў Снежнага чалавека — 23 лістапада.
“Снежны чалавек” — гэта першае ў новай серыі “Каляровы ровар”, якую заснавала для дзяцей ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Тэлеканал “БелСАТ” у "Культурных навінах" зрабіў сюжэт пра гэтую прэзентацыю.
Тэкст: ВТ
Фота: Алена Казлова
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"