Фестываль «Агмень» імя Анатоля Сыса — 19 траўня

Свята, якое за гады існавання стала найбуйнейшай літаратурнай падзеяй Гомельшчыны, сёлета пройдзе на падворку роднай хаты Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Ушанаваць памяць паэта збяруцца літаратары самых розных пакаленняў.

Мерапрыемства пачнецца а 12.00 – удзельнікі фестываля наведаюць вясковыя могілкі, дзе пахаваны паэт. Неўзабаве пасля гэтага каля хаты Сысоў пачнуцца літаратурныя чытанні. Сёлета ў фестывалі возьмуць удзел Валянціна Аксак, Уладзімер Арлоў, Крысціна Бандурына, Яўген Вапа, Галіна Дубянецкая, Васіль Жуковіч, Ганна Кандрацюк, Максім Клімковіч, Наста Кудасава, Георгій Ліхтаровіч, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Яўген Рагін, Віктар Слінка, Усевалад Сцебурака, Сяржук Сыс, Аляксандр Тамковіч, Віка Трэнас, Андрэй Федарэнка, Антаніна Хатэнка і іншыя.

Музычнае аздабленне гарантуюць бард Зміцер Бартосік і блюзмен Юры Несцярэнка.

Анатоль Сыс (26.10.1959 — 4.05.2005) — беларускі паэт. Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1982). Пасля службы ў Савецкай арміі працаваў у Веткаўскай раённай газеце, старэйшым спецыялістам на Беларускім тэлебачанні. Дэбютаваў  вершамі ў часопісе Маладосць (1986). У 1986 годзе А. Сыс разам з аднадумцамі ўдзельнічаў у стварэнні Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Актыўны ўдзельнік маладзёвых нефармальных аб'яднанняў 2-й паловы 1980-х гадоў — «Талака», «Тутэйшыя». Культавы беларускі паэт канца ХХ ст.  Ад сярэдзіны 1990-х да сваёй смерці Анатоль Сыс амаль не пісаў новыя творы. Паэзія, грамадзянская і творчая пазіцыя А. Сыса аказалі вялікі ўплыў на некалькі пакаленняў беларускіх паэтаў.

Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»