Фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча»: прэм’ера пераносіцца


Прэм’ера беларускай прыгодніцкай стужкі «Авантуры Пранціша Вырвіча» па рамане Людмілы Рублеўскай была запланавана на 19 сакавіка. Кінастудыя «Беларусьфільм» вырашыла пераагучыць карціну на беларускую мову, каб фільм выйшаў у пракат адначасова на дзвюх мовах.

На пачатку гэтага тыдня нават адбыўся перадпрэм'ерны паказ фільма ў Доме кіно. Але адразу пасля паказу ў шмат каго ўзніклі пытанні, як гэта так – праект беларускі, кніга напісаная на беларускай мове, падзеі звязаныя з беларускай гісторыяй, а фільм для беларускага гледача выходзіць не па-беларуску.

І вось добрая навіна! Амаль перад самай прэм’ерай на кінастудыі «Беларусьфільм» паведамілі, што яны выступаюць з ініцыятывай пераагучыць карціну на беларускую мову. Таму прэм’ера пераносіцца на травень. Фільм выйдзе ў пракат адначасова на дзвюх мовах, калі будзе гатовая беларускамоўная версія.






"Новы Час"