Фонд Вольгі Такарчук пачне працаваць ва Вроцлаве

Вольга Такарчук. Фота: svaboda.org
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Вольга Такарчук запачаткуе ўласны фонд, які будзе праводзіць культурна-мастацкую дзейнасць, а таксама займацца экалагічнымі праектамі і падтрымліваць развіццё грамадзянскай супольнасці. Вольга Такарчук плануе ахвяраваць 350 000 злотых (амаль 82 тысячы еўра) на фонд. Пра гэта паведамляе сайт горада Вроцлава, дзе будзе знаходзіцца рэзідэнцыя фонду.
«Мэта фонду – падтрымка і прасоўванне польскай і сусветнай культуры і мастацтва ў Польшчы і за мяжой. Падтрымка шырокага разумення аховы навакольнага асяроддзя, правоў чалавека, грамадзянскіх свабод, барацьбы з дыскрымінацыяй, падтрымка правоў жанчын, а таксама падтрымка ўсебаковага развіцця рэгіёна Ніжняя Сілезія», – кажа Вольга Такарчук.
Яна ўдакладніла, што ў сферы культурна-мастацкіх мерапрыемстваў фонд будзе займацца арганізацыяй стыпендый і рэзідэнцый мастакоў і перакладчыкаў на віле Карповічаў.

Экалагічная дзейнасць будзе скіравана на ахову і захаванне навакольнага асяроддзя і прыродных умоў чалавечай дзейнасці, пашырэнне і павышэнне інфармаванасці насельніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, гуманнае абыходжанне з жывёламі і прасоўванне сучасных тэхналогій, накіраваных на ахову навакольнага асяроддзя.

Дзейнасць, звязаная з падтрымкай грамадзянскай супольнасці, будзе ўключаць падтрымку развіцця няўрадавых арганізацый і ідэю валанцёрства.

Праца ў сферы правоў жанчын будзе ажыццяўляцца праз адпаведныя механізмы падтрымкі ўдзелу жанчын у грамадскім і культурным жыцці, у тым ліку праз падтрымку фемінісцкіх даследаванняў.

Дзейнасць, якая садзейнічае абароне правоў і свабод чалавека, будзе звязана, між іншым, з заахвочваннем свабоды слова, свабоднага выказвання думак, а таксама прадухіленнем усіх відаў дыскрымінацыі.

У склад фонду ўвайшлі Агнешка Галанд ды Ірэк Грын, дырэктар Вроцлаўскага літаратурнага дома, які стане партнёрам фонду.

Рэзідэнцыяй фонду Вольгі Такарчук стане віла Карповічаў.

Нагадаем, польская пісьменніца, Вольга Такарчук стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2018 год. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца сёлета 10 снежня ў Стакгольме. Яцэк Сутрык (мэр Вроцлава) заклікаў 10 снежня а 10:30 на плошчу Вроцлава, дзе будзе транслявацца цырымонія. Акрамя таго, 10 снежня вроцлаўскія школы ўвядуць дзень чытання літаратуры, і гэты праект стане штогадовым мерапрыемствам.

polukr.net