115 гадоў Кандрату Крапіве

5 сакавіка 2011 года - 115 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Кандрата Крапівы – Кандрата Кандратавіча Атраховіча (1896–1991).

Актыўная, разнастайная творчая і грамадская дзейнасць К. Крапівы – паэта-сатырыка, байкапісца, празаіка, драматурга, крытыка, вучонага, віцэ-прэзідэнта АН БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР – прынесла яму шырокую вядомасць не толькі ў сваёй краіне, але і далёка па-за яе межамі. Многія з яго неўміручых сатырычных твораў і сёння не страцілі сваёй актуальнасці, з’яўляюцца своеасаблівай школай мастацкага майстэрства.

Будучы пісьменнік нарадзіўся 22 лютага (5 сакавіка) 1896 года ў в. Нізок Узденскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі мелі 6 дзесяцін зямлі і хацелі перадаць нажыты цяжкай працай набытак адзінаму сыну: з васьмярых дзяцей жывымі засталіся толькі сын Кандрат ды дачка Сцепаніда. Пачаткі ведаў К. Крапіва набываў ў царкоўна-прыходскай школе ў роднай вёсцы, потым – у народным вучылішчы ва Узде, Стаўбцоўскім і Койданоўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах.

Восенню 1913 года К. Крапіва экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка і праз год атрымаў месца ў земскім народным вучылішчы ў в. Мнішана Пяршайскай вол. Мінскага павета, але ўжо ў жніўні 1915 года ён быў прызваны на вайсковую службу і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, а ў кастрычніку 1916 года адпраўлены на Заходні фронт, атрымаў баявое хрышчэнне ў Румыніі. У 1918 годзе К. Крапіва быў дэмабілізаваны, вярнуўся на радзіму, некаторы час настаўнічаў у пачатковай школе ў в. Каменка, што на Уздзеншчыне.. У 1919 годзе набыў новы сацыяльны статус – ажаніўся са сваёй сяльчанкай Аленай Канстанцінаўнай Махнач, але разам маладыя пражылі зусім нядоўга – у 1920 годзе К. Крапіву на тры гады мабілізавалі ў Чырвоную армію.

Чытаць цалкам на tut.by.