100 гадоў перакладчыку Адама Міцкевіча

19 чэрвеня 2012 літаратурная супольнасць адзначыла 100-годдзе Пятра Бітэля, што нарадзіўся ў Радуні.

Беларускі праваслаўны святар, паэт і перакладчык перажыў адпраўку ў Нямеччыну і савецкую высылку на 10 гадоў у Сібір. Пра падарожжа ў лагер паводле ўспамінаў Бітэля быў складзены наступны аповед.

«З Масквы, пасля цяжкога падарожжа ў халодным «цялятніку», я апынуўся разам з тысячамі іншых таварышаў па нядолі ў Кіраве. Была сярэдзіна зімы, і мы вельмі пакутавалі ў неапальваных бараках перасылкі ад невыноснай сцюжы. Тут аднойчы зганялі нас у лазню пад ледзь-ледзь цёплы душ, надзяліўшы кожнага кавалачкам велічынёй са сціральную гумку чорнага смярдзючага мыла.

З Кірава вялікім спецыяльна абсталяваным эшалонам з таварных неабаграваных вагонаў перавезлі нас у Кемераўскую вобласць у мясцовасць Ольжэрас за высокую агароджу з калючага дроту з высокімі драўлянымі вышкамі для ахоўнікаў. У гэтай зоне было больш за дзясятак вялікіх аднапавярховых і некалькі двухпавярховых баракаў з закратаванымі вокнамі.

У той жа дзень падзялілі нас на брыгады, замяніўшы наша адзенне на лагерныя бушлаты, целагрэйкі і ватнікі – усё паношанае, зацяганае і часцяком дзіравае з недахопам гузікаў. На ногі далі старыя падшытыя стаптаныя вайлакі. Пасля гэтага аб’явілі кожнаму з нас асабісты нумар. Раздалі белыя латкі і загадалі панашываць іх на целагрэйцы і бушлаце на грудзях насупраць сэрца і на плячах, на ватняй шапцы над ілбом, а таксама на штанах на левай калашыне вышэй калена. Тут жа выбілі кожнаму чорнай фарбай адпаведныя літары і лічбы. Я атрымаў нумар Н-447.

У бараках былі двухпавярховыя нары, складзеныя з тонкіх сасновых жэрдак, якія ляжалі няроўна і калолі бакі ляжачага нягладка абсечанымі сукамі.

На наступны дзень пасля міскі рэдкай баланды пагналі нас на працу. Паставілі пяцёркамі, пералічылі, аблятаючы ўсю калону некалькі разоў, загадалі ўзяцца пад рукі і пасля адчытання нязменнай формулы «шаг вправо, шаг влево считается побег, конвой стреляет без предупреждения», акружыўшы аўтаматчыкамі і сабакамі, пагналі па глыбокім снезе. Праз кіламетры 2-3 мы дабрылі да велічэзных шліхтаў бярвення, накрытага трохметровым слоем снегу. Заданне было – зняць снежнае покрыва, а пасля качаць бярвенне ламамі і грузіць на пад’ехаўшыя лесавозы. Бярвенне было грубае і доўгае. Работа незнаёмая, дык не абышлося і без траўмаў, адмаражэнняў і мазалёў…

Вечарам накармілі той самай баландай з дабаўленнем лыжкі рэдкай поснай ячнай кашы.. спаць ляглі не распранаючыся (па прычыне холаду і каб не застацца без вопраткі ці абутку), адзежа сохла на нас, напаўняючы барак кіслым смуродам. На наступны дзень паўтарылася тое самае, і так працягвалася да самае вясны. У брыгадзе было 38 чалавек, але брыгадзір і шасцёра прыбліжаных да яго зладзюг, так званых «законнікаў», не працавалі. Мы, рэшта брыгады, павінны былі выконваць нормы і за сябе, і за іх. А калі здаралася, што норму асілілі з надбаўкай, дык па дадатковай лыжцы кашы даставалася і тым абібокам».

Ягоная навука – гэта мінскі педінстытут, які ён скончыў у 1970 годзе, а поўную рэабілітацыю атрымаў у 1978-м, пасля сыходу на пенсію.

Самая вядомая праца Бітэля як перакладчыка – «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, які ён зрабіў на паперы з мяшкоў з-пад цэменту яшчэ ў сталінскім лагеры.

Гэты твор захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Творчасць беларускага перакладчыка Пятра Бітэля да канца не вывучаная і патрабуе вялікай працы беларускіх даследчыкаў.

 

Андрэй Мялешка, budzma.org