120 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч

 

120 гадоў таму нарадзіўся Максім Багдановіч, класік беларускай літаратуры,  паэт, публіцыст, літаратурны крытык.  У 1907 годзе ён дэбютаваў у газеце «Наша Ніва» з апавяданнем «Музыка». У пачатку 1914 года ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты выйшаў паэтычны прыжыццевы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» (на тытуле кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе яе выдаць не паспелі).

Сёння акурат той дзень, калі хочацца яшчэ раз перачытаць гэтую кнігу…

 

Напілося сонца са крыніц сцюдзёных

 

Напілося сонца са крыніц сцюдзёных,

Усцягнула ў вышу з іх ваду, як пар;

І ўзляцеўшы шпарка па праменнях тонкіх

Пар зрабіўся слічнай чарадою хмар.

 

Ў даль яны памкнулі і лятуць пад імі

Нівы ды балоты, поле, бор, лука.

Але што там блішча? Ці не ты, сястрыца,

Ці не ты ліешся срэбная рака.

 

Загрымелі ў хмарах гулка прывітанні

І далёка буйны вецер іх разнёс.

Рынуліся хмары да ракі радзімай

І зліліся з ёю ліўнем кропель-слёз.

 

 

Сеў хлопчык з шкляначкай ля вулічнаго ганку

 

Сеў хлопчык з шкляначкай ля вулічнаго ганку

І выдувае з мыла пузыры.

Вясёлкаю гараць яны ў зіянні ранку,

Ўзлятаючы ў паветра да гары.

 

І заварожаны шматфарбнаю красою,

Са спрытнасцю і хцівасцю ката

Хапае хлопчык іх няжорсткаю рукою,

А застаецца у ёй — адна слата.

 

 

На глухіх вулках — ноч глухая

 

На глухіх вулках — ноч глухая.

Не менш глухі людскі натоўп.

Дык хто ж пачуе, як спявае,

Як стогне тэлеграфны стоўп?

 

І места, дзе няма прастора

Дзеля прыроды буйных сіл,

Прабіла сцежку мору гора

Палёў, лясоў, капцоў магіл.

 

Палёў, дзе круціць завіруха,

Ўзрываючы халодны снег,

Палёў, дзе ўсё бушуе глуха,

Дзе чутны разам стогн і смех!

 

І вось той гул мне ў душу ўліўся.

Гудзі, гудзі, дрыжачы дрот!

Ўвесь бледны, млосны прыхіліўся

Я ля ліхтарні да варот.

 

Да вагітнай


Ціха ідзеш ты, у нетрах дзіцёнка хадою калышаш,

Цёмнай і цёплай яму служыш калыскай цяпер.

 

Дзіцё, што ў коласе зярно,

Пад сэрцам у цябе ўсё спее,

І сэрца цёмнае святлее,

І шчырым робіцца яно.

 

Ужо нічога ў ім няма,

Адно ёсць – рупнае каханне,

Салодка-соннае бажанне,

Салодка-сонная дума.

 

 

Ад спёкі пышуць дахі і асфальт

 

Ад спёкі пышуць дахі і асфальт,

На вуліцы ўецца пыл і грукаціць фурманка,

"Каробушку" пяе дзіцячы альт

І надрываецца абрыдлая шарманка.

 

Хаця бы крышку часу адпачыць!

Мо на бульвар пайсці, сесць на далёкай лаўцы

Здрамнуць, газету свежую купіць

І прачытаць усё да імені выдаўцы?

 

Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю

 

Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю:

Ой, пайду я з цеснай хаты ў тое поле.

Ў чыстым полі вецер вее, павявае,—

Ты пакінь мяне, нуда мая нямая!

Я тады б у песні звонкай, салаўінай

Выліў тугу і на вецер буйны кінуў,

І развеяў бы яе ён па раздоллі,

Каб ні ўбачыць мне ніколі ўжо нядолі.

 

Не кувай ты, шэрая зязюля

 

Не кувай ты. шэрая зязюля,

Сумным гукам у бары;

Мо і скажаш, што я жыці буду

Але лепш не гавары.

Бо не тое сведчыць маё сэрцэ,

Грудзі хворые мае;

Боль у іх мне душу агартае.

Думцы голас падае.

Кажа, што нядоўга пажыву я,

Што загіну без пары...

Прыляці ж тады ты на магілу,

Закувай, як у бары.

 

Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі

 

Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі

Каля агнішча лёг і сціхнуў у паўсне.

Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі...

І ўраз зрабілася вясёла неяк мне!..

 

Хай, шэры попел, ты агнішча ўсё сабою

Ў нядоўгі час здалеў, як рызаю, пакрыць,—

Я ведаю, што там агонь дрыжыць пад ёю,

Я ведаю, што там чырвоны жар гарыць...

 

Хай чарада гадзін панурых, нудных, шэрых,

Як попел, на душу мне клалася ўвесь час,

Хаваючы сабой агонь гарачы веры, —

Хай не відаць яго... а ўсё ж ткі ён не згас!

 

Вершы Максіма Багдановіча, зборнік "Вянок"