120 гадоў з дня нараджэння Андрэя Мрыя

Андрэй Антонавіч Шашалевіч нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Палуж Краснапольскага раёна ў сям’і валаснога пісара. Пасля заканчэння ў 1914 г. Магілёўскай духоўнай семінарыі вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1916 г. мабілізаваны ў царскую армію. У 1918–1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1921–1926 гг. выкладаў гісторыю і французскую мову ў Краснапольскай школе ІІ ступені. У 1926–1930 гг. – інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР, член літаратурнага аб’яднання “Узвышша”.

У 1934 г. рэпрэсіраваны, асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Зноў арыштаваны ў 1940 г. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай, Мурманскай абласцях. Працаваў бухгалтарам у леспрамгасе, рыбным кааператыве, выкладчыкам літаратуры ў школе. Усё створанае ў ссылцы (раман “Жывы дом”, аповесці, навелы), было канфіскавана.

Памёр у лагеры на Поўначы 8 кастрычніка 1943 года. 6 студзеня 1961 г. рэабілітаваны.

Першы твор апублікаў у 1924 г. у газеце “Савецкая Беларусь”. Друкаваўся ў “Голасе беларуса” (Вільня), “Узвышшы”, “Чырвоным сейбіце”. Аўтар першага ў беларускай літаратуры сатырычнага рамана “Запіскі Самсона Самасуя” (1929), нарысаў і апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову “Тыса гаворыць” Б. Іллеша (1932), “Шляхамі ўзбочнымі” П. Загаруйкі (1932).

Андрэй Мрый у пачатку свайго сатырычнага рамана зазначае:

"<...> Пішу зусім не для таго, каб бачылі ўсе напісанае мною. Розум мой даўно прайшоў эмбрыёнальную стадыю разьвіцьця і я добра ведаю, якое вялікае значэньне маюць дробязі ў жыцьці. У маім цяперашнім пакоі я павесіў на сьцяне плякат із словамі аднаго вучонага, які сказаў:

— Каб мы ведалі ўсе дробязі жыцьця якой-небудзь казюлькі, мы шмат якіх памылак маглі-б не зрабіць!

Вось я і пішу свае запіскі. У іх буду гаварыць аб дробязях свайго жыцьця: як я з бацькам пасварыўся, як паехаў я шукаць свайго шчасьця, як хацеў там пашырыць сваё фізычнае я і як з гэтага нічога ня вышла.

Сам я не надаю ўсяму гэтаму вялікага значэньня. У сусьветныя маштабы ня веру.

Але мой сябра, настаўнік Мамон, каторы ўвесь час штурхае мяне на шлях славы, кажа мне, як Мэфістофэль:

— Твае мэмуары будуць перакладзены ня нямецкую, ангельскую, францускую і нават готэнтоцкую мову! Каб я меў час і здольнасьць, я зараз пачаў-бы перакладаць на гэтыя 4 мовы.

Заўважце, што ў настаўніка Мамона ёсьць вельмі складаныя абавязкі мужа, бацькі, сына, загадчыка, рэвізора 7 устаноў і прамоўцы на ўсіх пасяджэньнях і нарадах. Калі ён гаворыць так, значыцца мае запіскі маюць значэньне, якое выходзіць за межы маёй асобы.

Гэта мне паддае жару, і ў поўнай сьвядомасьці цьвёрдай памяці я пачынаю свае запіскі".

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"