120 гадоў з дня нараджэння Канстанцыі Буйло — 14 студзеня

«Люблю наш край — старонку гэту, Дзе я радзілася, расла, Дзе першы раз пазнала шчасце, Слязу нядолі праліла...» Хто ў Беларусі не ведае гэтых словаў, якія, пакладзеныя на музыку кампазітарам Міколам Равенскім, сталі народнай песняй, а яе мелодыя — пазыўнымі радыё?

Канстанцыя Буйло з мужам Віталём Адольфавічам Калечыцам у дзень шлюбу 7 чэрвеня 1916

 

Суаўтарка Равенскага — паэтка і дзяячка нацыянальнага руху «нашаніўскае» пары Канстанцыя Буйла. 120 гадоў таму яна прыйшла на свет у Вільні.

Шмат хто ўспрымае цяпер Канстанцыю Буйло як аўтарку адзінага паэтычнага зборніка «Курганная кветка», выдадзенага ў Вільні ў 1914-м пад рэдакцыяй Янкі Купалы. Аздобіў кнігу Язэп Драздовіч, а першую рэцэнзію на яе напісаў Максім Багдановіч.

Янка Купала прасіў Канстанцыю: «Пішыце яшчэ і яшчэ» і прысвяціў зусім юнай паэтцы верш «Мая думка». І яна выканала просьбу мэтра. На выставе, якая экспануецца ў гэтыя дні ў Нацыянальнай бібліятэцы з нагоды 120-годдзя Канстанцыі Буйло, выстаўленыя яе кнігі, якія мала вядомыя сёння шырокаму чытацкаму колу. Гэта «Выбраныя творы» (аднатомнік — 1954, двухтомнік — 1981), кнігі «Выбранае» (1968, 1976), тэматычныя зборнікі вершаў і паэм «Світанне» (1950), «Юрачка» (1957), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «У бляску зор» (1968), «Роднаму краю» (1973), «Вясной» (1984), «...Коціцца рэха» (1993), «Пялёсткі курганнай кветкі» (2007). А яшчэ на выставе больш за трыста дакументаў, якія разам з творамі паэткі чакаюць даследчыкаў, — кажа літаратуразнаўца Святлана Калядка.

«Паэтэса не раскрыта для сучаснікаў. Яе творчасць усё яшчэ чакае сваіх даследчыкаў».

Між тым даследчыкі ў цывільным яшчэ шэсцьдзесят гадоў таму зрабілі прысуд яе творам пасля выхаду ў Мінску другога зборніка — «Світанне».

«Пад словам "Радзіма" паэтка разумее не ўвесь Савецкі Саюз, а толькі Беларусь. Прычым для яе Савецкая Беларусь не роўная сярод роўных брацкіх рэспублік Савецкага Саюза, а абасобленая, "прыгажэйшая", "найдаражэйшая", да якой няма роўных», — пісала ў 1951 годзе газета «Звязда». Рэцэнзента асабліва абурыў верш, напісаны ў 1946 годзе:

«Зямля мая далёкая,
Зямля мая цудоўная,
Радзіма сінявокая,
Якая ж табе роўная?

Mo ёсць і прыгажэйшыя, —
Каму што ў свеце глянецца, —
Мая ж — найдаражэйшаю
Да смерці мне астанецца».


На абарону паэткі ўстаў эміграцыйны друк. Газета «Бацькаўшчына» ў нумары за 31 кастрычніка 1951 года так ацаніла яе новую кнігу: «К. Буйла, сяньня адзіная побач зь Я. Коласам прадстаўніца беларускае паэзіі яшчэ дабальшавіцкага пэрыяду, знайшла ў сабе столькі мужнасьці й адвагі, каб, паміма жудаснага бальшавіцкага маральнага й фізычнага тэрору, апяваць Беларусь такую, аб якой мроіць і да якой імкнецца ўвесь беларускі народ».

Тое, што пасля гэтых публікацый паэтка не была рэпрэсаваная, можна лічыць дзівам, якога, аднак, магло не адбыцца, калі б не заступніцтва сяброўкі маладосці — Купалавай жонкі Уладзіславы Францаўны ды іншых уплывовых асобаў, — мяркуе даследчыца творчасці Канстанцыі Буйлы Святлана Калядка:

«Я думаю, што не толькі Уладзіслава Францаўна падтрымлівала, а і ўсе астатнія пісьменнікі з яе акружэння, таму што яе нездарма ацанілі даволі высока яшчэ на пачатку творчасці. Яна ж усё-ткі пачынала так хутка, упэўнена ўвайшла ў беларускую літаратуру, і пры тым яна ўвайшла не як пачаткоўка, а як талент, які ўжо склаўся».

Акружэнне паэткі ад часу яе замуства і пераезду ў 1923 годзе ў Маскву, дзе яна пражыла да скону дзён, складалі пераважна расейскія творцы, дзякуючы якім выйшлі яе кнігі ў перакладзе — «У лесного озера» (1958), «Утро в лесу» (1958), «Пишу тебе» (1971). Але ні мінскія, ні маскоўскія сябры не ведалі пра тыя яе творы, якія яна напісала ў 30-я, калі ў віхурах рэпрэсіяў знік яе муж. Творы, якія можна параўнаць, на думку літаратуразнаўцаў, з «Рэквіемам» Ганны Ахматавай. Спадарыня Калядка, да якой гэтыя вершы Канстанцыі Буйло ў свой час трапілі ў рукапісных копіях, зазначае:

«Паралелі можна, канечне, праводзіць з падобнымі творамі Ганны Ахматавай, аднак у кожнага ж свая трагедыя, у кожнага свой боль усё роўна. Таму гэтыя адценні ўласнай трагедыі — яны абсалютна розныя».

Асабістая трагедыя ды адыход «нашаніўскіх» сяброў наклалі адбітак на ўсё далейшае жыццё і творчасць. У 1968-м Канстанцыя Буйла адмовілася святкаваць свой 75-гадовы юбілей на радзіме. «Што адзначаць? — пыталася яна ў ініцыятараў святкавання. — Што з плеяды нашых пісьменнікаў адна засталася, як сасна на галявінцы, хістацца над магілаю ссечаных дрэў?..»

Калі чвэрць стагоддзя таму яе душа адляцела ў Вечнасць, прах Канстанцыі вярнуўся ў родную Беларусь, пад тое неба, што, як яна пісала, «па-асабліваму блакітнае, паркалёвае, трошкі ружаватае...»
 
Канстанцыя Буйло (у шлюбе — Калечыц; 14 студзеня 1893, Вільня — 4 чэрвеня 1986, Масква)— беларуская паэтка.

Нарадзілася ў сям’і аб’езніка графа Тышкевіча. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава. Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915–1916), але ў сувязі з яе закрыццём перайшла на працу ў Земскі саюз. 7 чэрвеня 1916 года выйшла замуж за Віталя Адольфавіча Калечыца (у 1933-марыштаваны). У 1923 годзе пераехала ў Маскву да мужа, дзе жыла да самай смерці ў Ціхвінскім завулку, № 11. Працавала ў розных арганізацыях і ўстановах. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (з 1944). Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986 года. У 1989-м урну з яе прахам перавезлі ў мястэчка Вішнева на Валожыншчыне.

Першыя вершы К. Буйло былі надрукаваныя ў 1909 г. у газеце «Наша ніва» з дапамогай і пад імем брата — Э. Буйло. Першую кнігу паэтэсы «Курганная кветка» (1914) адрэдагаваў Янка Купала. Пазней былі зборнікі вершаў і паэм «Світанне» (1950), «Юрачка» (1957), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «У бляску зор» (1968), «Роднаму краю» (1973), «Вясной» (1984), «...Коціцца рэха» (1993), «Пялёсткі курганнай кветкі» (2007), «Выбраныя творы» (аднатомнік — 1954, двухтомнік — 1981), кнігі «Выбранае» (1968, 1976).


Люблю...

Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,
Іх хаты ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў.

Люблю раку, што свае воды
Імчыць ў няведамую даль,
І жоўтасць берагоў пясчаных,
І яснасць чыстых яе хваль.

Люблю вясну, што ў кветкі, ў зелень
Прыстроіць цэлую зямлю;
На гнёздах буслаў клекатанне
І спеў жаўроначка люблю.

Люблю гарачу спёку лета
І буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
Маланка зіхаціць агнём.

І восень сумную люблю я,
І першы звон сярпоў і кос,
Як выйдуць жнеі збожжа жаці,
А касары — на сенакос.

Люблю зіму з яе марозам,
Што вокны прыбярэ ў вузор,
І белы снег, што, ўсё пакрыўшы,
Ірдзіцца бляскам ясных зор.

Люблю ў пагодную я ночку
Да позна на дварэ сядзець,
Слядзіць за зорачак дрыжаннем,
На месяц залаты глядзець.

Люблю, як сонейка заходзіць
І бераг хмаркі залаціць,
Вячорнага як голас звону
К нам з ветру хваляю ляціць.

І песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца — плывуць.

Усё ў краю тым сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з шчасцем першым я спазналась
І з гора першаю слязой.

 

Валянціна Аксак, svaboda.org