110 гадоў з дня нараджэння Піліпа Пестрака
![]() |
Піліп Пестрак. 1970 год
|
Будучы пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Сакоўцы Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.
![]() |
Аўтабіяграфічы нарыс “Дарогай жыцця”. Аўтограф. 1958 год
|
Першую навуку хлопчык спасцігаў у двухкласным вучылішчы Міністэрства народнай асветы ў сяле Бусяж.
|
Студэнт Самарскага ўніверсітэта. 1920 год |
На пачатку зімы 1921 года з прычыны голаду на Паволжы юнак разам з бацькамі вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Пазней пісьменнік адзначаў, што “шасцігадовае знаходжанне на Паволжы ў самую пару юнацтва сфарміравала маю душу, дало ёй зарад на ўсё жыццё, і такі зарад, якога можна пажадаць кожнаму юнаку і дзяўчыне нашага часу”.
Радзіма сустрэла голадам і разрухай. Да таго ж сям’ю напаткала вялікае гора – ад тыфу памерлі бацька, сястра і брат. Каб неяк зарабіць на пражыццё, Піліп уладкаваўся рабочым на лесапільны завод, потым працаваў лесарубам, служыў лесніком у купцоў-лесапрамыслоўцаў пад Слонімам.
У верасні 1924 года юнака мабілізавалі на вайсковую службу у артылерыйскі полк ў горадзе Торунь. Там ён скончыў падафіцэрскую школу і атрымаў чын капрала. Некаторы час малады вайсковец працаваў у батарэйнай канцылярыі, а таксама выконваў абавязкі бібліятэкара, выкладаў геаграфію і польскую мову салдатам, палова з якіх была родам з Беларусі.
|
Пасведчанне аб заканчэнні падафіцэрскай школы ў Торуні. 1925 год |
Нягледзячы на прапановы застацца на звыштэрміновую службу, Піліп Пестрак у 1926 годзе вярнуўся дамоў, і ў тым жа годзе далучыўся да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, стаў членам павятовага камітэта Беларускай работніцка-сялянскай грамады ў мястэчку Косава.
У той жа час Піліп Пестрак пазнаёміўся з паэзіяй Янкі Купалы і Якуба Коласа, ўразіўся ёю і натхніўся на складанне па-беларуску ўласных вершаў. Першыя спробы пяра паэта можна аднесці да 1923 года. У 1927 годзе ў часопісе “Родныя гоні” пад псеўданімам Звястун быў апублікаваны першы верш Пестрака “Наперад, гэй”.
|
Верш “Наперад, гэй…”. Родныя гоні. 1927 год |
- З першым вершам, – успамінаў паэт, – я, здаецца, уступіў на шлях барацьбы за родную краіну, і з таго часу верш зрабіўся ўжо частым госцем. Так стаў расці ўва мне беларускі паэт.
У лютым 1927 года за ўдзел у арганізацыі камуністычнай дэманстрацыі Піліпа Пестрака арыштавалі і адправілі ў турму: спярша ў Пружаны, потым у Гродна. Паўторны арышт адбыўся ў студзені 1929 года: Гродзенскі акруговы суд прыгаварыў Пестрака да трох гадоў зняволення. Пасля вызвалення ў 1933 годзе паэта накіравалі інструктарам ЦК КПЗБ у Пінскую акругу, але ўжо ў 1934 годзе ён зноў апынуўся за кратамі: два гады правёў у пінскай турме, потым сядзеў ў віленскай турме на Лукішках. Там разам з палітвязнямі ўдзельнічаў у аднаўленні нелегальнага рукапіснага часопіса “Краты”, для якога пісаў вершы, а таксама невялічкія апавяданні.
|
Верш “Пасля прысуду”. Аўтограф. 1936 год |
З Лукішак паэта перавезлі ў Гродзенскую турму, адкуль разам з іншымі вязнямі іх вызваліла Чырвоная Армія ў верасні 1939 года. Агулам паэт прабыў за кратамі каля 11 гадоў.
|
“З турэмных успамінаў”. Аўтограф. 1967 год |
У тым жа годзе Піліпа Пестрака прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, а ў 1940 годзе ўбачыў свет яго першы невялічкі зборнік “На варце”.
|
Білеты члена Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. 1947 і 1952 гады |
У 1939–1940 гадах пісьменнік ажыццяўляў шырокую службовую і грамадскую дзейнасць: працаваў сакратаром гаркама КПБ у Гродне, быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР па Гродзенскай выбарчай акрузе, адначасова з’яўляўся старшынёй Беластоцкага аддзялення СП БССР.
|
Партрэт Піліпа Пестрака работы мастака Аляксандра Дзяталы. 1953 год |
Вялікая Айчынная вайна застала Пестрака ў Гродне. У 1942 годзе, калі арганізавалі першыя партызанскія атрады, ён уступіў у злучэнне Жытомірскай вобласці пад камандаваннем генерал-маёра Сабурава. Быў байцом, потым працаваў у рэдакцыі партызанскай газеты, рэдактарам партызанскага часопіса.
|
Даведка камандзіра партызанскага атрада імя Калініна аб уступленні Піліпа Пестрака ў партызанскі атрад у лютым 1943 года і партызанскі білет пісьменніка 1950-х гадоў |
У ліпені 1943 года Пестрака адправілі ў Маскву і прызначылі начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР.
|
Дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны. 1943–1944 гады |
Лірыка паэта ваенных гадоў знайшла адлюстраванне ў зборніку вершаў “За сваю Айчыну” (1946). З 1946 па 1948 год Пестрак працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, літкансультантам па прозе ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.
|
Пасведчанне навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі. 1947 год |
У пасляваенны перыяд з-пад пяра пісьменніка пачынаюць выходзіць празаічныя творы – апавяданні, кароткія замалёўкі, прысвечаныя падзеям вайны, зараджэнню партызанскага руху на Беларусі. Паступова проза займае галоўнае месца ў творчасці Піліпа Пестрака, хаця і ад паэзіі ён таксама не адмаўляецца, выкарыстоўвае такія вершаваныя формы, як санет, байка.
|
Апавяданні “Прапаўшы атрад”, “Закон леса”, “Вёска Відная”, “Гараць вёскі”. Чарнавыя аўтографы. 1946 год |
|
Санет “Возера Свіцязь”. Чарнавы аўтограф. 1960 год |
|
Байка “Сокал і малпа”. Аўтограф. 1960-я гады |
Амаль пяць гадоў напружанай працы Пестрак прысвяціў раману “Сустрэнемся на барыкадах”. Па словах пісьменніка, твор “вырас з глыбінь перажытага часу” і ў значнай ступені распавядаў пра жыццёвы шлях самога аўтара. Даследчыкі творчасці Піліпа Пестрака лічаць раман адным з першых і найбольш значных у беларускай мастацкай прозе, прысвечаных жыццю і барацьбе працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.
|
Раман “Сустрэнемся на барыкадах” з дарчым надпісам. 1954 год |
|
Піліп Пестрак. 1950-я гады |
У 1958 годзе ўбачыў свет зборнік “Лясная песня”, у які ўвайшлі шматлікія апавяданні Піліпа Пестрака, што адлюстроўвалі партызанскую барацьбу ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мінулае беларускага народа.
|
Апавяданні “Наручны гадзіннік”, “А раптам…”. Чарнавыя аўтографы. 1960 і 1961 гады |
Аднак знакавым ў творчасці пісьменніка з’яўляецца раман “Серадзібор” (1963), за які Піліп Пестрак ў 1964 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа. У творы ідзе аповед пра беларускую зямлю і людзей, якія яе аднаўляюць.
|
Піліп Пестрак. 1955 год |
|
Раман “Серадзібор” і матэрыялы да яго. 1963 і 1964 гады |
Шматлікія пераклады твораў самога паэта на розныя мовы народаў свету сведчаць пра яго папулярнасць і па-за межамі Беларусі. На яго вершы кампазітарамі Анатоліем Багатыровым, Яўгенам Цікоцкім напісаны песні.
|
Дэпутацкія білеты. 1953 і 1971 гады |
Піліп Пестрак узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга, медалямі, сярод якіх медаль “Заслужаны для польскай культуры”.
У 1968 годзе Піліпу Пестраку прысвоілі званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
|
Пасведчанне Заслужанага дзеяча культуры Беларусі. 1968 год |
22 жніўня 1978 года пісьменнік пайшоў з жыцця.
Імя Піліпа Пестрака носіць Івацэвіцкая раённая бібліятэка, вуліцы ў Мінску і Гродне. На доме у Мінску, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.
|
Піліп Пестрак. 1970-я гады |
Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зберагаецца асабісты архіў пісьменніка Піліпа Пестрака