200 гадоў з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі

Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка

Яго славутае літаратурнае дасягненне, "візітовая картка" песняра — зборнік вершаў пад назвай «Кабзар», які выйшаў у 1840 годзе.

Тарас Шаўчэнка — аўтар паэмаў «Сляпая», «Князёўна», «Марына», «Юродзівы», «Марыя», балады «Сурочаная», трыпціха «Доля», «Муза», «Слава», аповесцей «Варнак», «Няшчасны», «Капітанша», «Блізняты», «Мастак», «Прагулка з задавальненнем і не без маралі».

Многія вершы Тараса Шаўчэнкі сталі народнымі песнямі.

Тарас Шаўчэнка таксама з'яўляецца адным з самых выдомых майстроў украінскага жывапісу. Ён працаваў у галінах станковага жывапісу, графікі, манументальна-дэкаратыўнага афармлення і скульптуры, дасканала валодаў тэхнікай акварэлі, алею, афорта, малявання алоўкам і пяром. Ён аўтар больш за тысячу твораў жывапісу, з якіх захавалася не больш за 160.

На беларускую мову творы Шаўчэнкі перакладалі Янка КупалаЯкуб КоласКандрат КрапіваЗмітрок БядуляПятрусь БроўкаНіл ГілевічРыгор БарадулінАркадзь КуляшоўВасіль ЗуёнакВалер Стралко ды іншыя.

15 гадоў таму, з нагоды 185-годдзя паэта, у Сцяпанаўскім садзе на рагу вуліц Старавіленскай і Кісялёва, побач з будынкам амбасады Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, быў пастаўлены бронзавы помнік Тарасу Шаўчэнку. Яго аўтары — украінскі скульптар Віктар Ліпаўка і беларускі архітэктар Віктар Крамарэнка.

У вёсцы Карэкаўцы Вілейскага раёна Мінскай вобласці 20 верасня 2009 года адкрыты памятны знак, прысвечаны сяброўству Тараса Шаўчэнкі і ўраджэнца Вілейшчыны паэта Эдварда Жалігоўскага.

Сучасны перакладчык з украінскай на беларускую і рускую мовы, аўтар 13 кніг Валер Стралко нядаўна выдаў кнігу перакладаў твораў Тараса Шаўчэнкі «Мастак». Перакладчык, які сам паводле паходжання ўкраінец, але жыве ў Беларусі, адзначыў, што Тарас Шаўчэнка — унікальная з'ява ў гісторыі сусветнага мастацтва.

«Тарас Шаўчэнка выбітны не толькі тым, што ён класік украінскай літаратуры, ці творца, вершы якога мне падабаюцца. Вядома, што ў свеце ёсць вельмі шмат перакладаў яго твораў на розныя мовы. Напрыклад, толькі на ангельскую мову адзін толькі „Запавет“ перакладзены 38 разоў», — кажа Стралко.

«Так склалася, што і я наважыўся перакладаць Шаўчэнку на беларускую мову. Мне вельмі падабаюцца яго вершы. І падабаюцца не толькі ў паэтычным сэнсе, але і ў агульначалавечым, і ў палітычным, і ў маральна-этычным. Шаўчэнка — гэта чалавек-загадка. Яго часам параўноўваюць з нашым Максімам Багдановічам. Але я лічу, што рабіць такое параўнанне складана. Як мог чалавек, які паходзіў з самых нізоў, быў прыгонным і не меў практычна ніякай сістэматычнай адукацыі, у сваім празачным творы „Мастак“ згадаць больш за сто прозвішчаў мастакоў з усяго свету? Ён жа не меў ніякіх энцыклапедый пад рукой. Аднак факт гэтых згадак гаворыць пра высокі ўзровень інтэлігентнасці гэтага творцы».

Паводле svaboda.org