205 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча адзначаць на Валожыншчыне

Сёння, 4 лютага, спаўняецца 205 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. Гэтай падзеі прысвечаныя літаратурная гасцёўня, раённы конкурс выканаўцаў і літаратурны конкурс “Маладыя галасы”.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – класік беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і драматургіі, паэт, тэатральны і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 4 лютага 1808 года (па новым стылі) у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці) у шляхецкай сям’і Яна (Івана) Дуніна-Марцінкевіча і Марцыяны з роду Нядзведзкіх. Хлопчыка назвалі Вінцэнтам Якубам.

Пра юнацкія гады Вінцэнта дакументальна пацверджаных дадзеных мала. Ён рана застаўся без бацькі. Існуе версія, што малады Дунін-Марцінкевіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але пакінуў вучобу, бо не мог знаходзіцца ў анатамічным пакоі.

З сярэдзіны 1820-х гадоў Дунін-Марцінкевіч жыў у Мінску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе. У 1831 годзе ўзяў шлюб з дачкой адваката Юзэфай Бараноўскай, з якой яны мелі семярых дзяцей.

У 1840 годзе набыў невялікі маёнтак Люцынка ў Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер вёска Малая Люцінка ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці) і пасяліўся там, пакінуўшы дзяржаўную службу.

Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта. У 1846 годзе ў Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка». У 1850-я гады стварыў шэраг паэтычных твораў, вершаваных аповесцяў і апавяданняў – «Вечарніцы» і «Гапон» (1855), «Купала» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857), «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума» (напісана ў 1857 годзе). Пісаў таксама на польскай мове. У 1859 годзе пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Арганізаваў тэатральную трупу – першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў Люцынцы, а таксама ў Мінску, Бабруйску і іншых месцах. У 1860 – 1870-я гады напісаў камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты». Значная частка яго твораў, у тым ліку камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара.

Распрацаваў у беларускай літаратуры новыя жанры: вершаваная аповесць і апавяданне. Таксама лічыцца пачынальнікам беларускай нацыянальнай драматургіі.

Памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 года (па новым стылі). Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.

Як паведамляе сайт «Рэгіянальнай газеты», у валожынскай дзіцячай бібліятэцы пройдзе літаратурная гасцёўня, прысвечаная дню нараджэння пісьменіка.

– Наша мерапрыемства будзе не надта масавым, – расказала загадчыца бібліятэкі Алена Сугака. – Напачатку мы раскажам пра лёс нашага знакамітага земляка, зробім агляд тых кніг, якія ёсць у нашай бібліятэцы, абмяркуем творы. Ахвотныя змогуць прачытаць вершы Дуніна-Марцінкевіча.

Як патлумачыла Алена Сугака Край.бай, дакладная дата імпрэзы пакуль што невядомая. Плануецца, што яна адбудзецца на гэтым тыдні.

Літаратурныя гасцёўні праходзяць у бібліятэцы рэгулярна. Актыўны ўдзел у іх прымаюць удзельнікі літаратурнага клуба «Кругагляд».

Раённы конкурс выканаўцаў пройдзе ў сярэдзіне лютага. Удзельнічаць у ім могуць і школы, і ўстановы культуры. Узроставых абмежаванняў конкурс не мае. Адзінае патрабаванне – жаданне прачытаць верш Дуніна-Марцінкевіча ці падрыхтаваць інсцэніроўку яго драматычных твораў.

– Ацэньваць удзельнікаў будзе журы. У яго будуць уваходзіць прадстаўнікі аддзелаў культуры, адукацыі, а таксама аддзела па справах моладзі. Пераможцы атрымаюць не толькі дыпломы, але і падарункі, – расказала кіраўніца народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Валянціна Гіруць-Русакевіч.

205-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (і 120-годдзю Канстанцыі Буйло) будзе прысвечаны таксама літаратурны конкурс «Маладыя галасы». Работы на яго прымаюцца да 20 сакавіка. Край.бай пісаў пра яго раней. Больш падрабязна можна прачытаць ТУТ.

 

Паводле kraj.by